Мне заўжды здавалася, што пэўны чалавек узначальвае фонд ці займае пасаду ў БАЖ не таму, што з’яўляецца ўзорным мужам і бацькам, а таму — што ўмее рабіць сваю працу. Ці не так?
«Я прынёс табе дзікпік!» Адкуль такая пільная ўвага да прыватнага жыцця публічных асобаў беларускай эміграцыі?
Харасмэнт, аб’юз, дзікпікі, сямейныя драмы... Ці вам не здаецца, што гэтага раптам стала зашмат? Не тое, каб раней гэтага не было. Але ўпершыню яно валам выплёскваецца ў публічную прастору. Ды — іміджава забівае публічных асобаў, піша Алесь Кіркевіч на Budzma.org.

«Прырода ачышчаецца», — пачуў нядаўна думку стасоўна фігурантаў сэкс-скандалаў, якія ўсё часцей трапляюць у СМІ. Маўляў, калі чалавек публічны, то мае сябе кантраляваць. «Поделом». Па такой логіцы замест скампраметаваных актывістаў і лідараў НДА прыйдуць новыя. Белыя і пухнатыя. Святыя.
А калі не прыйдуць? А калі гэтыя новыя будуць зусім не святымі, а яшчэ горшымі? Наўпрост іхныя грахі будуць мець іншы характар або — яны навучацца іх філігранна хаваць? Што тады? Разважае Алесь Кіркевіч.
Віртуальны партсход. Віншую, дарагія таварышы!
Вельмі цікава, адкуль такая пільная ўвага да прыватнага жыцця публічных асобаў беларускай эміграцыі? Як гэта стасуецца з функцыямі, якія гэтыя людзі выконваюць?
Гэта ж не царкоўная іерархія, калі ты заступаеш на пасаду і складаеш пэўныя абяцанні. Не рыцарскі ордэн. Не манастыр. Нават не палітычная партыя. Гэта — НДА. І калі ты там нечым кіруеш, то павінен умець у лагістыку, грошы, тайм-менеджмент, ведаць мовы, не красці і так далей. Дзе тут пра ложак?
ОК, давайце пра ложак. Памятаеце савецкую практыку разбораў на партыйных сходах, хто там калі напіўся ці хто з кім пераспаў? Калі ўмоўныя цётачкі з начосамі разбіраюць прыватнае жыццё нейкага інжынера ці загадчыка аддзела. Ён — каецца, яго «бяруць на парукі»...
Ужо ў савецкі час з гэтага смяяліся. А зараз — гэта мэйнстрым. Толькі разбор адбываецца не на сходзе пад партрэтам Леніна, а ў фэйсбуку, твітары, на ютубе. Віртуальны партсход. Пад Бел-чырвона-белым сцягам. З чым вас і віншую, дарагія таварышы!

Таблеткі для зніжэння лібіда і — бром у каву
А зараз давайце іншы ракурс. Дзе гарантыя, што заўтра «добрыя людзі» з-за беларускай мяжы не прышлюць на мэйл «Еўрарадыё» страшны кампрамат на рэдактара «Нашай Нівы»? А ў рэдакцыю «Нашай Нівы» — кампрамат на рэдактара «Еўрарадыё»?
Скажыце, калі ласка, як будзе выглядаць кола экспертаў у белых пальчатках, якое прааналізуе дасланыя фота/відэа/скрыншоты? Хто будзе гэта ўсё расследаваць? А галоўнае... навошта? То-бок, замест таго, каб займацца журналісцкімі расследаваннямі, дарослыя людзі будуць вывучаць і параўноўваць дзікпікі? Сур’ёзна?
Давайце падумаем пра гэтую гісторыю далей. Калі падобных выпадкаў стане яшчэ больш (а тэндэнцыя такая), то час бы ўжо з’явіцца сталай камісіі, якая выпрацуе пратаколы для публічных лідараў. Прапіша таблеткі для зніжэння лібіда, а на канферэнцыях у каву пачнуць падліваць бром. Ці — лідарскія функцыі даручаць АІ, бо той яшчэ не навучыўся выпрацоўваць тэстастэрон. Так?..
Хочаш любіць анёлаў — не будзеш любіць нікога
Карацей, я не разумею ўсяго гэтага. Не разумею сутнасці прэтэнзіяў і самога факту «злачынства» — дзе яно? Мы не жывём у ХІХ стагоддзі, калі ёсць феадал, які ў жніво ездзіць на кані сярод палёў і выбірае сабе сялянку, каб «заваліць» яе на сенавал ці — рэалізаваць сваё «права першай ночы».
Але — я цудоўна разумею, якую рэальную шкоду наносяць усе гэтыя гісторыі, раздзьмутыя праз сацыяльныя сеткі і СМІ. Напэўна, людзі, якім выстаўляюць зараз (і яшчэ выставяць) прэтэнзіі падобнага характару — не анёлы.
Але ёсць добры выраз: «Хочаш любіць анёлаў — не будзеш любіць нікога». Бо анёлы не кіруюць арганізацыямі і не выцягваюць людзей з Беларусі, калі тым пагражае небяспека. Гэтым займаюцца жывыя людзі. Людзі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное