Политика

Юлія Кот

Вячорка: «Калі ты ноч пад абстрэламі перажывеш, тады разумееш, чаму трэба дапамагаць украінцам»

Беларусы і ўкраінцы сталі лепш разумець адзін аднога? Што паказаў сёлетні форум Астрожскіх? Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў «Салідарнасці», ці да дэбатаў пра будучыню пасля ночы ў бомбасховішчы, як змянілася стаўленне да «беларускага пытання» за чатыры гады і якая практычная карысць ад гэтага ўсяго беларусам.

Днямі ў Львове і Кіеве адбыўся ўжо чацвёрты беларуска-украінскі форум Астрожскіх — міжнародная сустрэча, прысвечаная будучыні двухбаковых стасункаў, супрацы, дэмакратызацыі і бяспекі ў рэгіёне.

Сярод удзельнікаў форуму сёлета былі дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны з розных фракцый, прадстаўнікі ўкраінскага ўраду і МЗС, Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны палітычны кабінет, палітыкі, эксперты, аналітыкі, актывісты грамадскіх арганізацый, медыя. Прычым не толькі з Украіны і Беларусі, але і з іншых еўрапейскіх краін.

Усе здымкі пададзеныя Офісам Святланы Ціханоўскай

— Для мяне гэта ўжо быў пяты ці шосты візіт ва Украіну пасля паўнамаштабнага ўварвання, — дзеліцца ўражаннямі Франак Вячорка. — Канешне, Кіеў мяняецца. З аднаго боку, людзі прывыкаюць да ракет, з іншага — нарастае трывожнасць ад зацягнутасці вайны…

Сёлета, толькі мы прыехалі ў гатэль, адразу пачаліся ракетныя абстрэлы, кожныя 15 хвілін абвяшчалі паветраную трывогу. Ляцела ўсё, што можна: і «Кінжалы», і «Герані» ды «Герберы», і «Шахеды», і балістыка.

Мясцовыя жыхары ўжо навучыліся адрозніваць па гуку, што там дакладна ляціць. Калі нешта невялікае, людзі хаваюцца ў калідоры, альбо некаторыя раюць у ваннай. Калі балістыка, трэба спускацца ў бамбасховішча. Вось і мы ўсёй беларускай дэлегацыяй — Офіс, АПК, журналісты — правялі ноч у бомбасховішчы ў падвале гатэля. Нават, калі інтэнсіўнасць абстрэлаў зменшылася, паспалі да чацвертай-пятай раніцы.

Такі досвед, на маю думку, трэба перажыць «заходнікам» — бо пасля гэтага не будзе наіўнасці, што да Пуціна і ягонай агрэсіўнай палітыкі. Калі ты ноч пад абстрэламі перажывеш, тады разумееш, чаму трэба дапамагаць украінцам, даць ім магчымасць перамагчы.

— У сацсетках вы назвалі сёлетні форум Астрожскіх «магчыма, найлепшым за чатыры гады». Ці ёсць адчуванне, што беларускія і ўкраінскія эксперты, палітыкі, актывісты, так бы мовіць, глядзяць у адным кірунку, чуюць і разумеюць адзін аднога, або шмат якія праблемы застаюцца вострымі і нявырашанымі?

— Безумоўна, стаўленне ўкраінцаў да беларусаў палепшылася, калі параўнаць з 2022 годам, калі мы ўсе былі «агрэсарамі». Украінскае кіраўніцтва, палітыкі і грамадства адрозніваюць рэжым і людзей — гэта адчуваецца, асабліва ў Кіеве.

Але вельмі мала экспертызы, калі казаць пра ўкраінскія эліты. Ёсць 20-30 палітыкаў, чыноўнікаў, якія Беларусь разумеюць, ведаюць і займаюцца беларускай тэмай. Гэта невялікая супольнасць людзей.

Нашая задача — каб Беларуссю займаліся, ці прынамсі разумелі, усе ў Вярхоўнай Радзе, у Офісе Зяленскага, ва ўрадзе. І такія канферэнцыі разуменне пашыраюць.

Ёсць шмат канкрэтных напрамкаў, па якіх мы працуем. Сярод іх — вырашэне праблем беларусаў, дыяспары і добраахвотнікаў ва Украіне. Міжнародная праца на парляменцкім, на ўрадавым узроўні, у тым ліку дыпламатычная. Нам неабходна прызначыць новага спецпасланніка пасля Ігара Кізіма — нават амерыканцы прызначылі ўжо свайго спецпасланніка па Беларусі, а ўкраінцы дагэтуль не.

Таксама згадаю культурна-асветную супрацу паміж НДА, універсітэтамі — там, дзе, здаецца, найпрасцей можна было б арганізаваць. Каб былі беларускія праграмы, каб беларускія і ўкраінскія даследчыкі, навукоўца і актывісты працавалі разам.

Чым больш будзе такіх нізавых кантактаў, тым хутчэй палітыкі на вышэйшым узроўні пачнуць нешта рабіць для Беларусі. Бо цяпер беларуская тэма, падаецца, часам проста замятаецца пад дыван, і ніхто не хоча браць за яе адказнасць на высокім узроўні.

— Даследаванне BELPOL пра супрацоўніцтва Кітая з рэжымам Лукашэнкі, альбо праект па дакументацыі злачынстваў рэжыму ў вайне — гэта важна. Але большасці беларусаў ад тых высноў проста зараз ні горача, ні холадна. А якія, на ваш погляд, практычныя вынікі сёлетняга форуму?

— У маім візіце найважнейшым складнікам была нефармальная камунікацыя з Офісам Зяленскага. Я з вялікім захапленнем стаўлюся да прэзідэнта Зяленскага, і бачу, што ў яго і ягонай каманды з’яўляецца разуменне: Беларусь павінна быць адным з фокусаў украінскай улады. Гэта радуе.

Другі момант, які трэба адзначыць: ёсць два канкрэтныя законапраекты па беларускіх пытаннях. Яны зараз у Вярхоўнай Радзе, у другім чытанні, і вельмі важна іх прасунуць. Гэта акурат тая канкрэтыка, якая палепшыць умовы для добраахвотнікаў, але і для дыяспары ў шырэйшым коле.

Трэцяе — змены ў МЗС Украіны. Гэта не непасрэдна вынік канферэнцыі, але ж кантэкст.

Цяпер ва ўкраінскім МЗС ствараецца новы дэпартамент, дзе будзе асобна разглядацца Беларусь. І мы спадзяемся, што з гэтай рэформай міністэрства будзе выпрацавана асобнае policy, палітыка па Беларусі, і прызначаны спецпасланнік. Эксперты, якія прымалі ўдзел у форуме Астрожскіх, маглі б яму дапамагчы ў фармаванні прыярытэтных напрамкаў працы.

Наогул падчас сёлетняй беларуска-ўкраінскай сустрэчы, зазначае Франак Вячорка, гучала мноства прапаноў і ідэй у фармаце брэйнсторму. Праблема, на яго думку, палягае ў тым, што ва Украіне не так шмат беларускіх арганізацый «на зямлі», якія могуць рэалізаваць усё гэта:

— Многія нашыя ініцыятывы з’ехалі ў Польшчу, Літву. Хоць, трэба заўважыць, сёння некаторыя вяртаюцца ва Украіну. І чым больш там будзе прысутнасці беларускіх НДА, тым прасцей будзе рэалізоўваць асветныя, культурныя і іншыя ініцыятывы.

Тым больш, у Кіеве мы ўжо маем партнёрскі пул: ёсць супольнасць украінскіх арганізацый, найперш аналітычны цэнтр «Украінская прызма», ёсць кіраўнічка Місіі беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Шаціліна, група дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь». Мяркую, разам і з іх падтрымкай мы шмат што можам зрабіць надалей.