«Улада ўтрымліваецца неканстытуцыйным шляхам». Праваабаронцы выступілі з заявай у сувязі з інаўгурацыяй Лукашэнкі

Злачынствы не могуць заставацца беспакаранымі.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай у сувязі з інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі, якая павінна адбыцца 25 сакавіка.

— Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, што адбыліся 26 студзеня 2025 года, не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Яны праходзілі ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека, у атмасферы татальнага страху, выкліканага рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, апазіцыі ды ўсіх іншадумцаў, — адзначаецца ў заяве.

Праваабаронцы канстатуюць, што выбарчы працэс быў арганізаваны «выключна для імітацыі шырокай народнай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі і пацвярджэння легітымнасці яго рэжыму».

Пра што сведчыць:

  • непразрыстае фармаванне выбарчых камісій выключна з прадстаўнікоў кантраляваных уладамі структур,
  • прымусовая ліквідацыя ўсіх апазіцыйных палітычных партый,
  • рэгістрацыя толькі тых кандыдатаў, што падтрымліваюць дзейны рэжым і не крытыкуюць ягоны палітычны курс,
  • нядопуск да выбараў прадстаўнікоў апазіцыі шляхам іх крымінальнага пераследу, пазбаўлення права голасу, забароны іх аб'яднанняў, абвяшчэння іх экстрэмісцкімі ды прымусу да эміграцыі,
  • пазбаўленне магчымасці прагаласаваць грамадзянам, што жывуць за межамі Беларусі,
  • прымусовы збор подпісаў і мабілізацыя выбаршчыкаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.

— Уціск свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, а таксама адсутнасць незалежнага назірання пазбавілі грамадзян Беларусі магчымасці свабодна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Усё гэта сведчыць, што дзяржаўная ўлада ўтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнкам неканстытуцыйным шляхам, — канстатуюць праваабаронцы.

Аднак, паколькі, нягледзячы на адсутнасць дэмакратычнай легітымнасці, рэжым Лукашэнкі працягвае ажыццяўляць кантроль над тэрыторыяй Беларусі, гэта накладвае на прадстаўнікоў улады ўсю поўнасць абавязальніцтваў па выкананні правоў чалавека, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнародным правам. А значыць і адказнасць за іх невыкананне.

— Фактычнае кіраўніцтва Беларусі нясе поўную адказнасць за грубыя і масавыя парушэнні правоў чалавека, шэраг з якіх кваліфікаваныя Групай незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі як злачынствы супраць чалавечнасці, уключна з крымінальным пераследам грамадзян паводле палітычных матываў, ужываннем катаванняў ды іншага забароненага абыходжання, уціску свабоды слова, сходаў і асацыяцый, — адзначаецца у заяве.

Гэтыя злачынствы не могуць заставацца беспакаранымі і мусяць стаць прадметам судовага разбору як у межах міжнародных механізмаў, так і на ўнутрыдзяржаўным узроўні.

Праваабаронцы ў чарговы раз заклікаюць беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных зняволеных, правесці іх поўную рэабілітацыю з кампенсацыяй шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама спыніць рэпрэсіі.

— Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам засноўваць сваю палітыку ў дачыненні да беларускіх уладаў на падставе пералічаных фактаў, не дапускаючы захадаў па падтрымцы і ўзмацненні рэжыму Лукашэнкі, падтрымліваючы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, беларускую грамадзянскую супольнасць, і выкарыстоўваць усе дасяжныя дыпламатычныя сродкі для аказання ўплыву на ўлады Беларусі з мэтай спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў, — гаворыцца ў заяве.

Зварот падпісалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Human Constanta, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Respect-Protect-Fulfill, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)