Тышкевіч: Для Беларусі будзе небяспечна, калі яна не зможа ў бліжэйшыя некалькі месяцаў зарабляць на нафтапрадуктах
Аналітык Ігар Тышкевіч пракаментаваў «Филину» наступствы ўдараў па «Унечы».
Украінскія БПЛА атакавалі помпавую станцыю «Унеча» на нафтаправодзе «Дружба» ў Бранскай вобласці. У выніку на нафтаправодзе, па якім ідуць пастаўкі нафты з Расіі ў Беларусь, Славакію і Венгрыю, пачаўся маштабны пажар. Гэта ўжо другі сур’ёзны ўдар па Унечы за паўтара тыдні.
Якія наступствы могуць чакаць рэжым Лукашэнкі, улічваючы важнасць для яго нафтаправода «Дружба»? Філін спытаў пра гэта ў аналітыка Ігара Тышкевіча.
— Трэба глядзець, наколькі будзе працаваць нафтаправод «Дружба». Калі мы гаворым пра эканамічныя наступствы, то варта ўлічваць, што наступствы першай атакі расіяне кампенсавалі досыць хутка — нафтаправод запрацаваў, — кажа Ігар Тышкевіч.
Пры гэтым аналітык адзначае, што нафтаправод перастае быць гарантаванай крыніцай паступлення нафты для Беларусі.
— І гэта хутчэй палітычныя высновы. Беларусь некалькі разоў спрабавала знайсці альтэрнатыўная крыніцы, але спынялася з падачы РФ, якая прапаноўвала выгадныя на пэўны час умовы. Зараз ёсць патрэба зноў задумацца пра гэта.
Тэарэтычна можна знайсці альтэрнатыву, каб праводзіць здабычу нафты. У свой час былі дамовы аб пілотным праекце з Іранам, былі дамовы з Венесуэлай. Пытанне, як даставіць. Тут ёсць некалькі опцый.
Калі выкарыстоўваць толькі расійскую тэрыторыю, то мы ўпіраемся ў той жа самы трубаправод. Іншы варыянт — палепшыць адносіны з суседзямі і мець выхад да нерасійскіх партоў. Гэта краіны Балтыі, Польшча. Або, у выпадку замарозкі вайны ва Украіне, парты Адэсы. Але гэта таксама палітычнае пытанне. І гэта будзе падштурхоўваць афіцыйны Мінск у тым ліку да кантактаў з Вашынгтонам, каб праз іх змяняць стаўленне суседзяў.
Аналітык лічыць, што сённяшні ўдар па Унечы, хутчэй за ўсё, не апошні. Пытанне, як хуткага нафтаправод адновіць дзейнасць. Калі ён спыніцца на пэўны час, то Беларусь, па словах Тышкевіча, будзе губляць даходы ад экспарту нафтапрадуктаў.
— Пры гэтым для патрэб унутранага рынку з умовай павышэння коштаў тэарэтычна можа хапіць. Але з экспартам праблемы. Ацаніць кошты цяжка, думаю, гэта дзесьці 1,5-2 мільярда долараў у гадавым вымярэнні.
Для Беларусі ў пэўнай меры небяспечна, калі знікне магчымасць зарабляць на нафтапрадуктах бліжэйшыя некалькі месяцаў. У нас зараз расце адмоўнае сальда плацёжнага балансу.
Расійская эканоміка звужаецца, попыт на расійскім рынку істотна змяншаецца, адпаведна з гэтым Беларусь не атрымлівае пэўныя грошы, як гэта было летась. І, канешне, у момант, калі рынак, ад якога ты залежыш, рэзка падае, тваёй эканоміцы робіцца вельмі балюча.
Читайте еще
Избранное