Турарбекова: «ЗША даюць зразумець Пуціну, што з-пад яго ўплыву могуць выцягнуць «все, что нажито непосильным трудом»

Як Расія ў пагоні за геапалітычнымі амбіцыямі можа страціць нават тое, што мае. І што юшыць Лукашэнку.

Перамовы паміж Вашынгтонам і Мінскам працягваюцца. А з прызначэннем Джона Коўла спецпасланнікам па Беларусі, мабыць, набылі больш важны сэнс. На думку кандыдаткі гістарычных навук Розы Турарбекавай, самым важным для ЗША ў гэтай гісторыі была і застаецца бяспека.

— Для адміністрацыі Трампа галоўная мэта — перамір’е паміж Расіяй і Украінай, — разважае экспертка ў эфіры Еўрарадыё. — У гэтым сэнсе Беларусь таксама мае важнае значэнне, у тым ліку ў пытанні бяспекі на мяжы, бяспекі для краін НАТА.

Роза Турарбекова

Яшчэ адно, на што я хацела б звярнуць увагу ў кантэксце бягучых падзей — нядаўняя сустрэча Трампа з кіраўнікамі пяці цэнтральнаазіяцкіх краін. Там усё адбывалася вельмі добра. І ўсё гэта я бачу як сістэмную працу над постсавецкай прасторай, над так званай сферай уплыву Расіі — калі Трамп даказвае, што прастора тая не зусім пад уплывам РФ.

Бо спачатку была мірная здзелка Арменіі і Азербайджана, цяпер Цэнтральная Азія, само сабой, Украіна, якой дапамагаюць Злучаныя Штаты. І хто застаецца? Застаецца Беларусь.

З майго гледзішча, гэта выключна геапалітычны падыход. І мабыць, мы ўбачым (спадзяюся, у найбліжэйшы час) нейкую стратэгію з боку ЗША па нацыянальнай бяспецы — што Каўказ, Цэнтральная Азія, Усходняя Еўропа, усё гэта рэгіёны, дзе Штаты маюць свае інтарэсы. І чхаць ім на Крэмль ці Пекін. Такім чынам яны дастаюць і тых, і іншых: не думайце, быццам вы тут статус-кво трымаеце.

Рэакцыі Крамля на гэта яшчэ не было. Але мяркую, Уладзімір Уладзіміравіч там па падлозе катаецца. Бо Цэнтральная Азія і для яго, і для ўсёй расійска-імперскай вярхушкі заўжды была сенсітыўным, адчувальным месцам, якое яны думалі, што кантралююць.

Калі ты (маю на ўвазе Расію) абвяшчаеш геапалітычны падыход, але сілы ў цябе насамрэч не такія вялікія — будзь гатовы да таго, што такі падыход возьмуць на ўзбраенні іншыя, больш моцныя гульцы. Якія пры наяўнасці рэсурсаў, а галоўнае, палітычнай волі, могуць цябе пасунуць. Зараз я бачу, як адміністрацыя Трампа літаральна пасоўвае Пуціна.

На думку Розы Турарбекавай, гаворка пра вялікую стратэгічную гульню адміністрацыі Трампа, каб і вывесці постсавецкія краіны з-пад уплыву Масквы (а ў шэрагу выпадкаў і Кітая), і тым самым зрабіць Пуціна больш схільным да перамоў. На гэтым тле працяг перамоў з Мінскам таксама не выглядае выпадковым.

— З майго гледзішча, гэтая стратэгія ЗША мусіць даць зразумець Пуціну: калі ён будзе працягваць, з-пад яго ўплыву паступова выцягнуць «все, что нажито непосильным трудом» і расійскім імперскім мінулым, — працягвае экспертка.

Гэта цяпер яны ў такім імпэце — маюць мэту, якая нібыта аб’ядноўвае нацыю. Аднак калі яна знікне — што пачнецца? Што будзе ўнутры Расіі пасля гэтага?

Памятаеце, што адбывалася, калі савецкія войскі вывелі з Афганістана і як «афганцы» сталі вяртацца ў мірнае жыццё? Гэта было адной з прычын распаду Савецкага Саюза. Тут жа яшчэ не закончылася нічога, а ўжо які пад’ём злачыннасці. І гэта толькі адзін з сацыяльных чыннікаў, насамрэч праблем будзе значна болей. І чым больш Расія слабее — тым больш моцныя гэтыя праблемы, цэнтрабежныя сілы ўнутры яе.

Усё гэта добра, але як стасуюцца стратэгічныя планы адміністрацыі Трампа і выбуховая рэакцыя Лукашэнкі, тое, што правіцель працягвае абвастраць стасункі з Польшчай і Літвой?

— На сённяшняй нарадзе ён, як заўжды, склаў усё ў адзін кошык, але можна зрабіць выснову: Лукашэнка расцэньвае гэтыя падзеі як ціск на яго, — гаворыць Роза Турарбекава. — Гэта яго злуе, ён харахорыцца з фурамі, але ён вымушаны рэагаваць. Пры тым акрамя ціску, яму прапануюць і «плюшкі», называюць «глыбокапаважаным прэзідэнтам».

Адначасова Лукашэнку трэба паказаць Крамлю, вушы якога заўважна «тырчаць» з гісторыі з шарамі, нібыта ён лаяльны да Масквы і ўсё гэта выклікае ў яго раздражненне. Але ЗША не павяліся ані на лаянку, ані на правакацыі — і працягваюць размову. А Літва працягвае пагражаць зачыненнем чыгункі. Мяркую, што падвышэнне ставак, эскалацыя — справа не вельмі добрая, але пэўны вынік мы ўбачым.

Відавочна, што перамовы працягваюцца са складанасцямі, таму я не стала б занадта аптымістычна глядзець на іх. Не ўпэўненая, прынамсі, што гаворка ідзе пра аднаўленне ранейшага аб’ёму амерыканскага пасольства ў Мінску. Давайце паспрабуем дачакацца вызвалення хаця б 50 чалавек, якіх, наколькі я разумею, усё ж вывезуць з краіны, і хаця б адкрыцця мяжы.