«Рэпрэсіўны механізм»: каментар 18-гадовага стаў падставай для крымінальнай справы
Праваабаронца распавёў Вясне пра ўвядзенне крымінальнай адказнасці за адмаўленне генацыду.
Як паведаміла восьмага снежня пракуратура Магілёўскай вобласці, у Магілёве быў затрыманы 18-гадовы мясцовы жыхар за каментар у тэлеграм-чаце.

Хлопцу выставілі абвінавачванне за «адмаўленне генацыду беларускага народа» (арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса) і змясцілі пад варту. Яму пагражае да пяці гадоў зняволення.
Праваабаронца і юрыст "Вясны" Павел Сапелка, каментуючы сітуацыю, адзначыў, што такая норма крыміналізуе гістарычныя дыскусіі і можа выкарыстоўвацца як інструмент абмежавання свабоды меркавання.
Згодна з матэрыяламі справы, 18-гадовы жыхар Магілёва «адмаўляў агульнавядомыя гістарычныя факты, у прыватнасці, планамернае знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і само існаванне генеральнага плана "ОСТ" нацысцкай Германіі».
Як адзначае Павел Сапелка, адказнасць паводле арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса Беларусі выглядае несувымернай мерай, бо фактычна выключае магчымасць свабоднай навуковай і грамадскай дыскусіі.
— Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», які ўступіў у сілу 22 студзеня 2022 года, першапачаткова падаваўся як інструмент гістарычнай справядлівасці. Аднак ён быў ініцыяваны з выразным палітычным пасылам і падтрыманы афіцыйнай рыторыкай.
Перыяд з 1941 па 1951 год у законе трактуецца вельмі шырока, што стварае дадатковыя спрэчкі. Вызначэнне «беларускага народа» праз «савецкіх грамадзян, якія пражывалi на тэрыторыі БССР», звужае гістарычную перспектыву і ігнаруе складанасць тых падзей.
Злачынствы нацыстаў і іх памагатых — бясспрэчны факт, але юрыдычнае абвяшчэнне іх генацыдам без адкрытай незалежнай экспертызы выклікае пытанні, — тлумачыць хібы Закона юрыст.
Праваабаронца звяртае ўвагу, што ўвядзенне крымінальнай адказнасці за адмаўленне генацыду ў такіх умовах выглядае хутчэй інструментам кантролю, чым абароны гістарычнай памяці.
— Пакаранне да дзесяці гадоў пазбаўлення волі за выказванне меркавання — несувымерная і празмерна жорсткая санкцыя. Закон фактычна выключае магчымасць крытычнай інтэрпрэтацыі гісторыі. Такі падыход супярэчыць міжнароднай практыцы, дзе гістарычныя дыскусіі звычайна не крыміналізуюцца.
Дыскусійныя і неадназначныя палажэнні ў Законе робяць яго змястоўна няспелым. Увядзенне крымінальнай адказнасці адначасова з прыняццем Закона фактычна пазбаўляе грамадства права на дыялог. У выніку арт. 130-2 КК становіцца не абарончым, а рэпрэсіўным механізмам.
Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», хоць і больш якасна распрацаваны з пункту гледжання юрыдычнай тэхнікі, таксама крытыкуецца за расплывістыя фармулёўкі. Замест рэальнай барацьбы з нацызмам і неанацызмам гэтыя законы ператварыліся ў інструмент супраць іншадумства.
Нагадаем, тэму «генацыду беларускага народа» ўлады пачалі актыўна прасоўваць каля чатырох гадоў таму. У 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Праваабаронцы крытыкавалі гэты Закон у кантэксце свабоды выказвання меркавання.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное