Пашкевіч: «Як вылегчаныя жывёлы не даюць патомства, так і вылегчаныя спісы герояў бясплодныя»
Гісторык — пра афіцыйны Пантэон герояў, які ўлады змесцяць на фасадзе новага Нацыянальнага гістарычнага музея.
— У стваральнікаў афіцыёзнага пантэона была складаная задача, — піша сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч. — Скласці яго неяк так, каб не ўключыць асоб, якія былі звязаныя з Польшчай і ўвогуле з Захадам, не ваявалі і ўвогуле не надта выступалі супраць Расіі (а лепш, каб былі ёй адданыя душой і целам).
Не змагаліся за незалежную Беларусь на небальшавіцкай аснове, не былі фізічна знішчаныя падчас сталінскіх рэпрэсій (чэкісты не памыляюцца!), увогуле не былі яўнымі антысаветчыкамі. А адносна тых, хто дажыў да Лукашэнкі — каб не былі ягонымі праціўнікамі.

Што атрымалася ў выніку — мы бачым.
З вялікіх князёў літоўскіх — толькі праваслаўны манах Войшалк, з беларускіх нацыянальных дзеячаў канца ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя — толькі тыя, якія не лезлі ў палітыку, а лепш, каб увогуле не дажылі да «Вялікага Кастрычніка» і да абвяшчэння БНР.
З пісьменнікаў пасляваеннага часу — толькі Іван Шамякін (ну і Максім Танк яшчэ, але падазраю, што не так за творчасць, як за заходнебеларускае падполле).
Ну, дзякуй богу, справіліся, можна рыхтавацца да атрымання прэміі «За духоўнае адраджэнне». І хутчэй за ўсё атрымаюць.
А якія будуць практычныя вынікі прапаганды менавіта гэтых асоб і засоўвання на задні план многіх іншых, куды больш заслужаных, вядомых і шанаваных не ідэолагамі, а людзьмі? Думаю, асабліва ніякіх. Як вылегчаныя жывёлы не даюць патомства, так і вылегчаныя спісы герояў бясплодныя.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное