Пашкевіч: «Сама ідэя сустрэчы Пуціна з Зяленскім на цяперашнім этапе прыдатная толькі, каб замест рэальных дзеянняў займацца іх імітацыяй»
Гісторык — пра тое, чаму сустрэча прэзідэнтаў пакуль не мае ніякага сэнсу.
— Эрдаган заявіў, што Пуцін і Зяленскі пакуль не гатовыя да двухбаковай сустрэчы, — піша сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч. — Апошнім часам процьма навін такога кшталту, перамяшаных з навінамі, што хтосьці спадзяецца на тое, што такую сустрэчу хутка ўдасца арганізаваць
І ўсе сусветныя гульцы так самааддана ўключаныя ў працэс, што можна падумаць, што калі такая сустрэча адбудзецца — то гэта будзе нейкім суперпрарывам на шляху да міру.

Насамрэч, мне здаецца, сама ідэя такой сустрэчы на цяперашнім этапе, як часта бывае ў палітыцы ў цэлым і дыпламатыі ў прыватнасці, прыдатная найперш для таго, каб замест рэальных дзеянняў па спыненні ці прынамсі замарозцы канфлікту займацца іх імітацыяй.
Бо вось што, напрыклад, змянілася б пасля таго, каб пры захаванні ўсяго таго стану, які ёсць на сённяшні дзень, адбылася б сустрэча Пуціна з Зяленскім? Да чаго гэта размова абавязвала б Пуціна, які відавочна, што проста не хоча спыняць вайну ў сітуацыі, калі бягучая знешнепалітычная кан'юнктура яму спрыяе, а надалей ёсць абгрунтаваныя спадзяванні, што будзе спрыяць яшчэ больш?
Ну, дапусцім, сустрэліся б яны, Пуцін прыехаў бы з лекцыяй па гісторыі і пачаў бы асабіста ліць у вушы Зяленскаму ўсю тую лабуду, якую лье праз тэлеэкран. Гаварыў бы і пра старажытную Русь, і пра Пятра І, і пра Кацярыну ІІ, і пра штучнае стварэнне Украіны Леніным, і пра недапушчальнасць нацызму, і пра неабходнасць дэмілітарызацыі, і гэтак далей, і да таго падобнае. І выставіў бы роўна тыя самыя патрабаванні, якія выстаўляе дэлегацыя на чале з Мядзінскім.
А калі б Зяленскі сказаў, што хопіць гнаць флуд, давайце гаварыць нарэшце пра справу і канкрэтна, то Пуцін, канешне ж, абразіўся б і адмовіўся далей працягваць «перамовы», і ўкраінскі бок яшчэ аказаўся б вінаваты ў іх зрыве.
Усё гэта пустое да таго часу, пакуль Пуціну цвёрда і выразна не дадуць зразумець, што кожны дзень працягу вайны пагаршае яго становішча і што адмова ад нармальных, а не бутафорскіх перамоў выкліча вельмі цяжкія для яго наступствы.
Трампаўскім пустаслоўем і аблізваннем агрэсара тут дакладна нічога не зменіш у пазітыўны бок, гэта толькі надае Пуціну і пуціністам імпэту і нахабства, бо паказвае слабасць. Паказваць жа тут трэба якраз наадварот — сілу.
Гэта адзінае, што гэтая кампанія разумее, і так дзіўна, што гэта камусьці трэба даводзіць на чацвёртым годзе поўнамаштабнай вайны, дванаццатым няпоўнамаштабнай і невядома якім проста гібрыднай. Ставіцца да іх як да нармальных — машчэнне дарогі ў пекла.
І вось калі Пуцін і ягоная Расія апынуцца ў сітуацыі, што далей сапраўды няма куды — трэба «мірыцца», бо будзе толькі горш, тады можна і сустрэчы арганізоўваць на вышэйшым узроўні. Не для таго, каб «паглядзець адзін аднаму ў вочы» і пабалбатаць, а толькі для таго, каб падпісаць нейкі загадзя падрыхтаваны і ўзгоднены дакумент.
Усё астатняе мае такую ж практычную карысць, як і сустрэча Трампа з Пуціным на Алясцы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное