Политика

Навумчык: «Усё больш аргумэнтаў за тое, што Менск можа быць месцам перамоваў»

Палітычны аглядальнік — пра невыпадковыя сігналы Трампа на адрас Лукашэнкі.

— Усё больш аргумэнтаў за тое, што Менск можа быць месцам трохбаковых (Трамп, Зяленскі, Пуцін) перамоваў у справе спыненьня расейскай вайны супраць Украіны, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Ясна, што толькі ў выпадку вызваленьня палітвязьняў. Магчыма, Вашынгтон ужо даў гэта зразумець афіцыйнаму Менску. У такім разе лічба (1300), агучаная гаспадаром Белага дому, нездарма.

І перад тым, як паціснуць руку «моцнаму лідэру» Лукашэнку, Трамп пацісьне руку непахіснаму і моцнаму (ужо без двукосьсяў) Алесю Бяляцкаму, нобэлеўскаму ляўрэату. У разьліку, што гэта заўважыць Нобэлеўскі камітэт. І ён сапраўды заўважыць — хаця і ня факт, што ўлічыць.

Зрэшты, калі цана Нобэлеўскай прэміі Трампу — вызваленьне беларускіх палітзакладнікаў і спыненьне рэпрэсіяў, буду толькі рады.

Пры гэтым прэзыдэнту ЗША давядзецца пільнаваць, каб на месца вызваленых Лукашэнка не набраў новых — інакш эфэкт будзе істотна змазаны.

Пуцін у канцы сустрэчы на Алясцы сказаў, што «наступны раз — у Маскве». Але сталіца РФ адназначна адпадае (не сымэтрычна Алясцы), а на Камчатку Трампа не запросіш.

Менск у гэтым кантэксьце выглядае для Масквы цалкам прыймальным, проста ідэальным, паколькі Пуцін успрымае Беларусь як сваю вотчыну. Зусім непажаданы ён для Кіеву, але Зяленскі цяпер ня ў тым становішчы, каб дыктаваць свае ўмовы.

Галоўнага для перамогі — належнай колькасьці зброі — Захад, з розных прычынаў, Украіне ў бліжэйшыя часы ня дасьць. Ва ўсякім разе, прэзыдэнт Украіны можа прадставіць згоду на Менск як праяву кампрамісу са свайго боку — каб ужо на саміх перамовах не саступаць у нечым больш важным.

Канешне, ва ўмовах пагрозы поўнай анэксіі, правядзеньне ў Менску перамоваў, да якіх будзе прыкаваная ўвага ўсяго сьвету — замацоўвае палітычную суб’ектнасьць Беларусі як незалежнай краіны, і было б альбо глупствам, альбо фарысэйствам адмаўляць гэта.

Мінус у тым, што гэта адначасна замацоўвае краіну ў зоне ўплыву Расеі — ва ўсякім разе, ва ўспрыманьні сусьветных лідэраў. Але і без усялякіх пакуль гіпатэтычных перамоваў Беларусь, дзякуючы Лукашэнку, знаходзіцца пад палітычным, вайсковым, эканамічным і інфармацыйным уплывам Масквы.

Вяртаньне Трампа ў Белы дом сапраўды зафіксавала тэктанічныя зьмены ў сусьветнай палітыцы. І калі пагадзіцца з тымі, хто бачыць у гэтым вакно магчымасьцяў для дэмакратычнай Беларусі — трэба прызнаць, што яно надзвычай вузкае. І, як бы мы да гэтага ні ставіліся, сытуацыя (ва ўсякім разе, на сёньня) выключае хуткія, рэвалюцыйныя зьмены.

Што праўда, чалавецтва, як сьведчыць гісторыя, большую частку свайго існаваньня і пражыло ў часы не рэвалюцый, а эвалюцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(18)