Навумчык: «Мы можам пайсьці ў гісторыю глыбей — прыгадаць крывавае растаптаньне маскоўскімі бальшавікамі БНР»

Палітычны аглядальнік – пра абсурднасьць заяваў расейскіх палітыкаў.

Сяргей Навумчык

– Абсурднасьць цяперашніх экстравагантных заяваў расейскіх палітыкаў пра «нелегітымнасьць» распаду СССР ня толькі ў тым, што Белавескія пагадненьні былі ратыфікаваныя ўсімі парлямэнтамі былых савецкіх рэспублік у поўнай адпаведнасьці зь дзейнымі ў гэтых рэспубліках Канстытуцыямі і заканадаўствам, – піша Сяргей Навумчык. – Да моманту Віскулёў абсалютная большасьць рэспублік ужо абвясьцілі незалежнасьць — зноў жа, у адпаведнасьці з дзейнымі ў іх Канстытуцыямі і заканадаўствам.

У Беларусі гэта адбылося 25 жніўня 1991 г. Пры гэтым на той момант БССР была правадзейным членам ААН (і, нагадаю, яе заснавальнікам), так што яе Канстытуцыя прызнавалася міжнародным правам.

Я і ў свае цяперашнія больш як 60 не пакутаю на дэмэнцыю, а тады мне не было нават 30-ці, так што канцэнтрацыя ўвагі была цудоўнай, важныя падзеі не прапускаў.

І я ня памятаю, каб з 15 мая 1990, калі пачаліся паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, і да 20 гадзінаў 08 хвілінаў 25 жніўня 1991, калі гэты ВС прагаласаваў за Незалежнасьць, Канстытуцыя і законы Беларусі аспрэчваліся ААН.

Не аспрэчваліся яны і Вярхоўным Саветам РСФСР і прэзыдэнтам Расеі Ельцыным, і што ня менш істотна — Вярхоўным Саветам СССР і прэзыдэнтам Гарбачовым (у сьнежні 1991 РСФСР абвесьціць сябе правапераемнікам СССР, без усялякіх на тое юрыдычных падстаў, але гэта асобная тэма).

Зрэшты, мы можам пайсьці ў гісторыю глыбей — прыгадаць крывавае растаптаньне маскоўскімі бальшавікамі БНР, і зірнуць яшчэ далей, у глыб стагодзьдзяў — але ва ўсіх выпадках пераканаемся, што тэрміны «легітымнасьць» і «Масква» у дачыненьні да тэрыторый, якія Расея анэксавала (як правіла, войнамі, генацыдам і этнацыдам), ну ніяк не сумяшчаюцца.