Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў імёны сілавікоў, датычных да катаванняў

Мэта — дэананімізаваць злачынцаў у пагонах і перадаць іх дадзеныя ў органы правасуддзя.

Ілюстрацыйны здымак. Супрацоўнікі ГУБАЗіКА на адным з судоў, 2021 год. Фота: TUT.BY

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання — даследаванне, якое раскрывае асобы сілавікоў ГУБАЗіКа, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірных грамадзян.

У аснову даследавання леглі сведчанні пацярпелых, якія падвяргаліся збіванням, прыніжэнням, прымусовым прызнанням і іншым формам гвалту з боку сілавікоў ГУБАЗіКа, пачынаючы з 2020 года.

Вось толькі некаторыя цытаты са сведчанняў пацярпелых, задакументаваныя Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. Яны даюць уяўленне пра маштабы гвалту, здзейсненага гэтым органам.

«…я адмовіўся падпісваць прызнанні, мне начапілі электроды на рукі і сталі мяне біць. Электрычны ток быў настолькі моцным, што я страціў прытомнасць. Але як толькі я прыходзіў у сябе, яны працягвалі катаваць мяне далей. Пасля гэтага я пагадзіўся на ўсё, што яны мне сказалі». (Сведчанне аднаго з былых палітзняволеных, які перажыў катаванні ў 2020 годзе).

«Яны нас душылі, надзявалі на галаву пакет, кідалі на падлогу, наступалі нагамі на грудзі... Я адчуваў, як мне не хапае паветра, але не мог нічога зрабіць. Білі ў жывот, па твары, прымушалі стаяць на каленях, пагражалі, што калі я не скажу, хто арганізоўваў пратэсты, то згвалцяць міліцэйскай дубінкай».

«Гэтыя і іншыя сведчанні пацвярджаюць, што сілавікі з ГУБАЗіКа ўжываюць метады, накіраваныя на знішчэнне чалавечай годнасці і фізічнае знішчэнне, — пішуць аўтары даследавання. — Усё гэта адбывалася з ухвалы і непасрэднага дазволу Лукашэнкі, менавіта таму супрацоўнікі сілавых ведамстваў у Беларусі адчуваюць сябе беспакарана і парушаюць беларускія і міжнародныя абавязальніцтвы і стандарты.

Затрыманні, катаванні і іншыя акты гвалту сталі часткай сістэмы рэпрэсій, якая пераследавала і працягвае пераследваць не толькі актывістаў, але і звычайных грамадзянаў, якія не падтрымліваюць рэжым.

Праблема, з якой сутыкнуліся гэтыя людзі, заключалася ў тым, што пасля 2020 года ў Беларусі практычна немагчыма было знайсці абарону ў дзяржаўных органах і арганізацыях. Большасць заяваў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні была схаваная, а ў завядзенні крымінальных справаў адмоўлена з-за нібыта «адсутнасці складу злачынства»».

Праваабаронцы сабралі пацверджаныя дадзеныя трох сілавікоў, датычных да катаванняў, уключаючы іх імёны, пасады і юрыдычную ацэнку іх злачынстваў.

Гэтыя тры фігуранты даследавання — толькі пачатак, адзначаюць супрацоўнікі Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў. Праваабаронцы працягваюць працу, каб выявіць новыя асобы сілавікоў ГУБАЗіКа, датычных да катаванняў і гвалту супраць нязгодных з палітыкай Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)