Максім Мядзелка: «У гульні ёсць і трохі крынжаціны, але ж над гэтым усім добра пасмяяцца»

Пра майстар-клас да Дня Волі, незвычайныя вырабы з дрэва і гульню «Карткі (не) супраць беларусаў», «Салідарнасці» распавёў драўляр з Салігорска Максім Мядзелка.

— У нас у Катавіцэ ёсць беларуская дыяспара, мы сустракаліся паразмаўляць на беларскай мове. Знаёмая недзе знайшла і раздрукавала карткі для гульні з пытаннямі, якія зразумеюць толькі беларусы.

Файная гульня, на жаль, не ведаю яе аўтара. Я зрабіў у сваім стылі: пытанні не на картках, а на дошчачках з фанеры.

Картак каля 500. Пазней я даведаўся, што ёсць такія гульні кшталту «Карткі супраць чалавецтва». Але нехта зрабіў яе беларускі варыянт.

Атрымалася шмат чорнага гумару. Табе даюць чорную картку, ты яе чытаеш, а астатнія гульцы ўпотай выкладаюць карткі з надпісамі, якія на іх думку больш пасуюць – самыя смешныя, сыходзячы са свайго пачуцця гумару.

Гулец з самым арыгінальным каментам атрымлівае гэту чорную картку. У каго іх больш назбіраецца, той і пераможца.

У Вроцлаве мы гулялі ў яе з мясцовай «Мова нанова».

Напрыклад, там ёсць пытанні кшталту, пра што будзе наступная песня Макса Каржа? Ці што адбываецца ў патаемным пакоі ў Александрыі? Хтосьці каментаваў: «Канцэрт Саладухі!» Ці пытанне пра мемны заробак беларусаў у 500 даляраў. Гульня так спадабалася, што я часова пакінуў яе ўроцлаўскай дыяспары.

У гульні, канешне, і трохі крынжаціны, але ж над гэтым усім добра пасмяяцца, каб не паехаць дахам. Без пазітыўнага настрою у нас нічога не атрымаецца.

«Да пераезду з Беларусі не разумеў, наколькі эміграцыя складаная і праблемная штука»

— Ці заўсёды ў вашай эміграцыі атрымліваўся пазітыўны настрой?

— Увогуле не. Калі пераехаў колькі месяцаў была нейкая эйфарыя — вакол жа новае ды цікавае! Але ж пытанні з працай, легалізацыяй, потым памёр любімы кот, пражываў развод з жонкай — усё гэта спрыяла негатыўнаму настрою.

Зараз ратуе праца ў тэатры, дзе вырабляю дэкарацыі і мантую іх. Спрабую зноў, як калісьці ў Беларусі, нешта рабіць з дрэва. Любімая справа трымае мяне на паверхні. Праводжу майстар-класы, у нас у Катавіцэ ёсць інфармацыйны пункт для замежнікаў.

Але ж дыяспара у нас неаднародная. Не ведаю з якіх прычын, можа ў людзей нейкая стомленасць, праблемы, але ж збіраюцца толькі на піўко. Таму я далучыўся да кракаўскай дыяспары, праводзіў там майстар-класы.

Зараз ізноў збіраюся ва Уроцлаў. Шукаю розныя цікавосткі для самарэалізацыі. І каб нешта якаснае зрабіць для іншых, асабліва для беларусаў, каб падтрымліваць адзін аднаго. Гэта згуртоўвае.

Да пераезду з Беларусі не разумеў, наколькі эміграцыя складаная і праблемная штука. Адчуў толькі калі пераехаў. Як спявае Лявон Вольскі, «і там я чужы, і тут я чужы».

У Менску я працаваў у дзіцячым садку начным вартаўніком, дзе ў склепе ў мяне была майстэрня. На паўстаўкі працаваў там і як драўляр. Таму была магчымасць рабіць і нейкія свае вырабы.

Але пасля пратэстаў і затрымання я папаў у спісы, і мяне звольнілі. І два гады таму мы з жонкай з’ехалі ў Польшчу.

«Размалёўваю такія каменьчыкі беларускімі сымбалямі, напрыклад пішу літару «Ў»

— Вы рабілі прысвечаны да Дня Волі майстар-клас, дзе расфарбоўвалі драўляныя падсвечнікі ў нацыянальныя колеры. І кожны ўдзельнік атрымліваў яго ў падарунак. Ці адгукнулася ідэя беларусам?   

— Пасля 2020-га я быў натхнёны беларусамі, што мы такія цудоўныя, таму хацеў нешта такое рабіць. Пачаў рабіць драўляныя падсвечнікі, пано «Сцяг» у нацыянальных колерах.

Мне было важна паказаць і ўсвядоміць, што я беларус. Таму ў Кракаўскай прасторы правёў майстар-клас да Дня Волі, атрымалася файна. Мы паразмаўлялі, наладзілі кантакты і з адной удзельніцай майстар-класа нават ходзім разам у горы.

Які быў самы запамінальны майстар-клас?

— У Катавіцэ шмат украінскіх дзяцей, для якіх я ладжу майстар-класы. Мне падабаецца займацца з дзецьмі, бо яны не стрымліваюць эмоцыі.

Яшчэ мне спадабалася польская гульня, дзе размалёўваюць каменьчыкі, пішуць на іх свой індэкс і хэштэг у фэйсбуку, а пасля пакідаюць у розных мясцінах. Іх знаходзяць іншыя людзі, выкладаюць фота ў сацсеткі, а потым пакідаюць каменьчык у іншым месцы.

Так каменьчыкі падарожнічаюць па свету. А я размалёўваю такія каменьчыкі беларускімі сымбалямі, напрыклад пішу літару «Ў». Пакідаю ў гарах і розных гарадах. Мне здаецца, такая знаходка выклікае хвалю пазітыва: «Ваў! Свае, родненькія...» Нават рабіў два майстар-класы з такімі ўжо беларускімі каменьчыкамі.

«Прыяцель замовіў для свайго прыяцеля бармэна таўкач для мяты ў форме чэлеса»

Вы робіце драўляныя грэбні з беларускім каларытам, пано, дошкі для сервіроўкі. На што найбольшы попыт і што самае незвычайнае ў вас замаўлялі?

— Попыта па вялікім рахунку зараз няма. Больш раблю падарункі для блізкіх і сяброў. Падарожніку і майму сваяку Сашу Гойшыку зрабіў сервіравальную дошку з надпісам «валацуга года».

На сустрэчы з Ціханоўскім пазнаёміўся з двума беларусамі. Падарыў ім кулончыкі ў выглядзе нашай Беларусі. Беларусам прыемна атрымліваць беларускае у эміграцыі. Неяк пазнаёміўся з нашымі музыкамі, паспрабую зрабіць для іх драўляныя сувенірныя маскі.

З прыкольнага, яшчэ ў Менску, прыяцель бармэн замовіў для свайго прыяцеля бармэна таўкач для мяты ў форме чэлеса.

Яшчэ ў 2020-м на аўкцыёне ў інстаграме выставіў драўлянае пано з беларускім сцягам, а грошы пайшлі на аплату штрафаў палітвязняў.    

Што для вас самае цяжкае ў эміграцыі?

— Знайсці баланс унутры сябе, не трапляць увесь час у эмацыйныя ямы. Тады не будзе і нейкіх перападаў звонку.

Мне дапамагае тэатр у якім працую, польскія пастаноўкі, часам бываюць нават бясплатныя спектаклі. У нас малы прыватны тэатр Zelazny. Гэта не толькі мастацтва, а яшчэ і навучанне, бо ўспрымаеш інфармацыю на польскай мове. 

Памятаю, як у мяне пару разоў была спроба перайсці на беларускую мову, яшчэ ў 2017-м. Але ў галаве чамусьці былі нейкія бар’еры. Калі пачаў праводзіць майстар-класы ў Кракаўскай прасторы, то там пажадалі каб гэта было на беларускай мове. І я такі: «О, дык гэта знак!»

Так што калі глядзець на гэта з пазітыўным настроем, то дзякуй за родную мову вымушанай эміграцыі — з лістапада мінулага года я размаўляю па-беларуску. Здаецца, родная мова нас тут вельмі падтрымлівае. І веру, што патрэбна яна не толькі нам, але і нашай Радзіме, і яе будучыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)