Общество

Дар’я Гардзейчык, ІншыЯ

Лячэбна-працоўныя прафілакторыі: эфектыўнае лячэнне ці ўзаконенае рабства?

Іншыя распавядаюць пра тое, як функцыянуюць беларускія ЛПП і чаму праваабаронцы лічаць, што такіх устаноў увогуле не мусіць быць.

Беларуская дзяржава пераняла ў спадчыну ад Савецкага Саюза шмат практык, якія нам падаюцца звычайнымі, але не лічацца ані гуманнымі, ані эфектыўнымі ва ўсім астатнім свеце. Ад прымусовага размеркавання пасля вучобы да наяўнасці смяротнага пакарання — усё гэта сведчыць пра захаванне аўтарытарных практык, якія не арыентуюцца на каштоўнасці правоў чалавека.

Яшчэ адно такое сведчанне — прымусовае накіраванне людзей з залежнасцямі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Гэтыя ўстановы фармальна існуюць для медычнай дапамогі і рэсацыялізацыі людзей з залежнасцямі, а ў рэальнасці з’яўляюцца месцамі ізаляцыі і прымусовай працы па-за нормамі крымінальнага права.

ЛПП у Савецкім Саюзе: ад асветы і супрацы да практык ізаляцыі пацыента_к

Праблема залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў існуе ўжо не першае дзесяцігоддзе. Яшчэ сто год таму, падчас утварэння Савецкай дзяржавы, лекары звярталі ўвагу на праблему залежнасці ад алкаголю і апіятаў. У 1920-я ў савецкай медыцыне дамінавала плынь так званых сацыяльных гігіеністаў, якія выступалі за тое, каб працаваць з залежнасцямі праз грамадскую працу і асвету.

Іх дзейнасць мы б цяпер назвалі псіхаадукацыяй — падаванне чалавеку з псіхічнай хваробай інфармацыі пра яго разлад, каб навучыцца даваць з ім рады, лепш разумець уласны стан, папярэджваць рэцыдывы і паляпшаць якасць жыцця. Падыход прыхільні_ц «сацыяльнай гігіены» быў пры гэтым моцна ідэалагізаваны і часта звязаны з маральнымі ацэнкамі людзей, якія пакутавалі ад залежнасці. Хаця такія захады сацыяльных гігіеніста_к мы бы зараз і не назвалі гуманнымі, іх падыход усё ж быў накіраваны на прафілактыку, асвету і супрацу з чалавекам.

Напрыканцы 1920-х у палітыцы савецкага кіраўніцтва адбыўся «вялікі пералом» — пераход ад НЭПа да індустрыялізацыі і калектывізацыі, разам з якімі адбылося рэзкае ўзмацненне таталітарнага кантролю ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

ДАВЕДКА

Новая эканамічная палітыка (НЭП) была ўведзеная ў 1921 годзе і стала адказам на эканамічны крызіс і голад пасля Грамадзянскай вайны. НЭП прадугледжваў частковае аднаўленне рыначнай эканомікі: дазваляліся прыватныя прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, дробны гандаль і рамесніцтва. Гэта прывяло да росту прыватнага сектара, што стала ўспрымацца як пагроза сацыялістычным ідэалам.

У канцы 1920-х, з прыходам Сталіна, пачалася індустрыялізацыя — маштабнае развіццё цяжкай прамысловасці, інфраструктуры і энергетыкі, якое патрабуе буйных дзяржаўных інвестыцый і працы, нярэдка прымусовай. Паралельна ішла калектывізацыя: аб'яднанне сялянскіх гаспадарак у калгасы для забеспячэння харчовай базы індустрыялізацыі. Гэты працэс суправаджаўся рэпрэсіямі, голадам і гвалтам.

Змены закранулі і медыцыну: ад падыходаў асветы і супрацы ў лячэнні залежнасцяў савецкія медыкі перайшлі да практык ізаляцыі пацыента_к, прымусовага лячэння і прымусовай працы ў калоніях.

З тых часоў наркалогія стала інструментам сацыяльнага кантролю. Савецкая дзяржава ставіла сваёй мэтай пабудаваць камуністычнае грамадства, дзе ўсе яго чальцы будуць аддана працаваць дзеля агульнага дабрабыту. Менавіта працай савецкае кіраўніцтва намагалася вырашаць сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкалася.

ДАВЕДКА

Падобная практыка прымусовай ізаляцыі ўжывалася і ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, якіх у савецкі перыяд перасялялі на спецыяльныя астравы, каб аддзяліць ад астатняга грамадства. Адзін з вядомых прыкладаў — востраў Валаам на Ладажскім возеры, дзе пасля вайны дзяржава «хавала» ад вачэй грамадства людзей з цяжкімі формамі інваліднасці. Многія з тых, каго перасялялі на Валаам, скардзіліся на дрэнныя ўмовы пражывання, недахоп медыцынскай дапамогі і ізаляцыю ад сям’і.

Не дзіва, што калі колькасць людзей з залежнасцямі і тых, хто паміралі ад хвароб, звязаных з надмерным ужываннем алкаголю, пачала расці, кіраўніцтва СССР вырашыла папросту ізаляваць людзей з залежнасцю ў адмысловых установах і прымусіць да цяжкай працы.

ДАВЕДКА

Брэжнеўская эпоха — перыяд кіравання Леаніда Брэжнева (1964–1982), калі асноўнай мэтай савецкай улады стала захаванне стабільнасці любым коштам. Дзяржава сканцэнтравалася на кантролі над грамадствам і імітацыі клопату пра грамадзян, але адмовілася ад якіх-кольвек глыбокіх рэформ.

Паводле дадзеных Дзяржаўнага камітэта статыстыкі СССР, з 1960 па 1980 год «алкагольная смяротнасць» павялічылася на 47%, то бок прыкладна кожны трэці мужчына паміраў ад хвароб, звязаных з надмерным ужываннем алкаголю. Падыход да гэтай праблемы быў тыповым для брэжнеўскай эпохі.

Менавіта на такім сацыяльна-палітычным фоне ў сярэдзіне 1960-х узнікаюць першыя ЛПП — лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Як траплялі ў савецкія ЛПП і ў якіх умовах там знаходзіліся

Людзі з алкагольнай залежнасцю, якія «ўхіляліся ад добраахвотнага лячэння або працягвалі злоўжываць алкаголем пасля лячэння», мусілі адпраўляцца ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі для «прымусовага лячэння і працоўнага перавыхавання». У СССР існавалі як жаночыя, так і мужчынскія ЛПП. Звычайны тэрмін знаходжання ў ЛПП вагаўся ад аднаго да двух гадоў.

Працэдура накіравання чалавека ў ЛПП складалася з некалькіх этапаў.

1. Медыцынскае абследаванне

Чалавек павінен быў прайсці медыцынскае абследаванне, па выніках якога яму ставіўся дыягназ «хранічны алкагалізм».

2. Хадайніцтва ў міліцыю

Працоўны калектыў, прафсаюз або блізкія пацыент_кі падавалі хадайніцтва ў міліцыю.

3. Збор дакументаў міліцыяй

Міліцыя збірала характарыстыкі, медыцынскія даведкі і іншыя дакументы, якія сведчылі пра злоўжыванне алкаголем.

4. Перадача дакументаў у суд

Сабраныя дакументы накіроўваліся ў суд для разгляду справы.

5. Пастанова суда

Суд прымаў канчатковае рашэнне, якое не падлягала абскарджанню. Калі ў суда не ўзнікала пытанняў да пададзеных дакументаў, чалавека накіроўвалі ў ЛПП.

Умовы ў ЛПП мала чым адрозніваліся ад умоў у калоніі. Людзі, накіраваныя ў гэтыя «прафілакторыі», жылі ў памяшканнях, падобных да казармы, мусілі падпарадкоўвацца распарадку дня, выконваць загады адміністрацыі і працаваць на лесанарыхтоўках ці фабрыках. Выхад за тэрыторыю прафілакторыя для большасці быў забаронены.

Чалавеку, якога вінавацілі ў парушэнні правілаў распарадку, маглі дадаць тэрмін знаходжання ў ЛПП, а таксама яго маглі змясціць у карцар.

Пры гэтым утрыманне ў ЛПП амаль не дапамагала змагацца з алкагольнай залежнасцю: толькі 20% людзей не пілі на працягу года пасля вызвалення.

ЛПП у незалежнай Беларусі: пакаранне не за ўчынак, а за хваробу

Пасля распаду СССР амаль ва ўсіх былых саюзных рэспубліках сістэму ЛПП ліквідавалі. Амаль ва ўсіх, акрамя Туркменістана і Беларусі.

З 1991 года існаванне ЛПП рэгулявалася законам «Аб мерах прымусовага ўздзеяння ў дачыненні да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак або правы іншых асобаў». З цягам часу заканадаўства трансфармавалася.

Пэўны час у ЛПП маглі накіроўваць не толькі людзей з залежнасцямі, але і тых, каго пазбавілі бацькоўскіх правоў і чые дзеці знаходзіліся на ўтрыманні дзяржавы.

Бацькі ў такіх выпадках станавіліся «абавязанымі кампенсаваць выдаткі дзяржаве», і ўсе грошы, якія яны зараблялі падчас працы ў ЛПП, накіроўваліся на кампенсаванне гэтых выдаткаў. Таксама раней у ЛПП маглі накіроўваць «працаздольных беспрацоўных грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця», здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне ў нецвярозым стане і якім пасля быў пастаўлены дыягназ «залежнасць».

Каго накіроўваюць у ЛПП у Беларусі цяпер

Згодна з заканадаўствам у сучасным яго выглядзе, у ЛПП могуць накіроўваць «дзве групы грамадзян».

Першая група

Людзі, якія цягам года здзейснілі два адміністрацыйныя правапарушэнні ў нецвярозым стане і якім быў пастаўлены дыягназ «алкагалізм», «наркаманія» або «таксікаманія».

Другая група

Пацыент_кі, якія двойчы за год звярталіся па медыцынскую дапамогу праз атручэнне наркатычнымі ці іншымі таксічнымі рэчывамі. То бок з-за апошніх правак у заканадаўстве пад рызыкай трапіць у ЛПП апынаюцца людзі, якія ўвогуле не здзяйснялі аніякіх правапарушэнняў, а толькі патрабавалі медычнай дапамогі праз інтаксікацыю.

Нягледзячы на тое што заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць ЛПП на працягу ўсёй гісторыі незалежнай Беларусі, змянялася шмат разоў, умовы ўтрымання ў гэтых установах застаюцца нязменнымі. Людзі, якія прайшлі праз ЛПП, скардзяцца на цяжкія ўмовы працы, праблемы з гігіенай (адсутнасць гарачай вады, душ — раз на тыдзень і г.д.) і недахоп кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

Хаця ЛПП называюць месцамі «медыцынска-сацыяльнай рэадаптацыі», аніякай кваліфікаванай псіхіятрычнай дапамогі ў ЛПП не аказваюць. Пра псіхатэрапію, групы падтрымкі і праграму «12 крокаў», якія ва ўсім свеце лічацца найбольш эфектыўнымі ў лячэнні залежнасці, нават не ідзе гаворка. Людзі, якія трапілі ў ЛПП, проста цягам года ці двух знаходзяцца фактычна ва ўмовах турэмнага зняволення і прымушаюцца працаваць на фабрыках ці прадпрыемствах — там, дзе загадае адміністрацыя ЛПП.

Праваабаронцы супраць ЛПП: у людзей няма нават магчымасці абараніць сябе ў судзе

Беларускія праваабаронцы сістэматычна крытыкуюць існаванне сістэмы ЛПП. Пры гэтым цяжкія ўмовы ўтрымання — далёка не адзіная прычына.

Па-першае

Знаходжанне ў ЛПП — гэта фактычна турэмнае зняволенне, якое такім не прызнаецца.

Умовы ў ЛПП амаль ідэнтычныя тым, што пануюць у беларускіх турмах, аднак трапляюць туды людзі, якія не здзейснілі аніякіх злачынстваў. Акрамя таго, калі ў тых, каго вінавацяць у крымінальным злачынстве, ёсць хаця б фармальная магчымасць абараніць сябе ў судзе, то ў тых, каму пагражае накіраванне ў ЛПП, няма нават яе.

Рэч у тым, што пытанне пра накіраванне чалавека ў ЛПП разглядаецца не падчас крымінальнага працэсу, а ў рамках грамадзянскага. Фармальна чалавек, як_ую збіраюцца накіраваць у ЛПП, не з’яўляецца падсудн_ай і не мае права ні на адваката па прызначэнні, ні на выклік сведкаў, ні на іншыя працэсуальныя гарантыі.

Па-другое

Накіраванне ў ЛПП паводле сучаснага заканадаўства — гэта фактычна пакаранне не за ўчынак, а за хваробу.

Калі чалавек здзейсні_ла адміністрацыйнае правапарушэнне, ён_яна мусіць спачатку панесці за яго адказнасць (напрыклад, заплаціць штраф ці адбыць адміністрацыйны арышт). Аднак пасля другога за год парушэння, калі яно было здзейснена ў нецвярозым стане, чалавека мусяць накіраваць у ЛПП — у дадатак да новага штрафу ці арышту. Такім чынам, адбываецца падвойнае пакаранне: спачатку чалавек прымушан_ая заплаціць штраф ці «адседзець суткі», а пасля яшчэ і правесці год ці два ў ЛПП.

Па-трэцяе

Праца ў ЛПП — прымусовая, а гэта забаронена як беларускай Канстытуцыяй (у любой рэдакцыі), так і міжнароднымі пагадненнямі:

  • Канвенцыяй аб прымусовай ці абавязковай працы 1930 года № 29;
  • Канвенцыяй аб скасаванні прымусовай працы 1957 года № 105;
  • Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адкрыта крытыкавала беларускія ўлады за наяўнасць ЛПП і называла гэтую практыку інстытутам узаконенага рабства. Беларускія ўлады пры гэтым настойваюць, што ЛПП — гэта сістэма «перавыхавання», дзе праца з’яўляецца толькі адным з яе кампанентаў.

Аднак эфектыўнасць такога «перавыхавання» ставіцца пад сумнеў як праваабаронцамі, так і лекар_камі. Прымусовы характар утрымання, абмежаванне свабоды і брак медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі не толькі не спрыяюць рэсацыялізацыі чалавека, але і пагаршаюць яе_яго стан.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)