Общество

Курс: Уяўляю, калі будзе можна пратэставаць супраць рэжыму, які няўмольны будзе пратэст

Белсат сабраў самае галоўнае і цікавае з сустрэчы з беларускай пісьменніцай Святланай Курс (псеўданім Ева Вежнавец) у Варшаве.

Пісьменніца Святлана Курс падчас сустрэчы ў межах выставы «Блізкі Усход, Далёкі Захад – Кіеўскае біенале 2025», што праходзіць у Музеі сучаснага мастацтва. Варшава, Польшча. 29 лістапада 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Беларусы – як сціснутая спружына»

«Беларусаў закаталі катком, і ўсе яны ляжаць і трымаюць над сабой зямлю, каб не памерці і калісьці паўстаць з гэтых сваіх магілаў і няволі. Я гэта адчуваю. Але з іншага боку, я адчуваю, што неўзабаве заззяе нашая свабода, нашыя няшчасці скончацца. Гэта будзе як пратуберанец, як выбух.

Маладое пакаленне ў Беларусі і за яе межамі – як сціснутая спружына.

Мы маем шмат шчасця ў няшчасці, таму што мы былі як хобіты, прывязаныя да сваёй зямлі, і думалі толькі пра Беларусь, а цяпер мы ёсць ва ўсіх краінах свету, пачынаючы ад Амерыкі – А, і заканчваючы Японіяй – Я. Там нацыя набіраецца досведу.

А ўнутры, як толькі расейскі імперыялізм аслабне і разам з ім, натуральна, рэжым Лукашэнкі, спружыны распрастаюцца – і іх будзе шмат.

Адной з прыкметаў гэтага стаў вельмі моцны супраціў супраць адкрыцця ў Менску крамы з хіджабамі. Таму што супраць яе можна было пратэставаць у сеціве. За гэта не было пераследу з боку дзяржавы. І туды рванула гэтая энергія супраціву.

І я ўяўляю, калі будзе можна пратэставаць супраць рэжыму, з якой моцай гэтая спружына распрастаецца і які няўмольны будзе пратэст.

Пакаленні, якія выраслі там і за мяжою – вельмі шматабяцальныя пакаленні.

«Людзі вельмі хочуць свайго»

«Гэтая сціснутая спружына чакае. Нам цяпер не час выступаць, штосьці рабіць. Калісьці нечакана для дзяржавы супраць рэжыму выступілі прадстаўнікі ўсіх пластоў насельніцтва. І цяпер саджаюць цырульнікаў, касметолагаў, прадаўцоў, трактарыстаў.

Дзяржава перапужана імкнецца дастаць кожнага чалавека, меціць тэрыторыі чырвона-зялёнымі сцягамі, таму што ведае, што пад усім гэтым пластом страху, пад гэтай вайной (а ў нас таксама вайна ў грамадстве, проста яна не гарачая), бурліць вада і яна абавязкова праб’е.

І гэтага ўлады страшна баяцца.

Людзі кажуць: чаго ім баяцца, яны жывуць цудоўна. А я, наадварот, бачу з таго боку такую ж вострую фрустрацыю, як і з нашага, толькі яна іншай прыроды.

Я ўпэўненая, што заўтра наступяць добрыя змены. З аднаго боку беларусы, якія хочуць беларускага, паспяваюць, з другога – «ябацькі», якія хочуць нейкай стабільнасці.

Усе хочуць нармалізацыі, нармальнага жыцця, спынення рэпрэсіяў, страху і абмежаванняў.

Людзі вельмі хочуць свайго, а не таго, што прыходзіць з Расеі. А гэта вельмі няякасны кантэнт, таму што страціўшы ўсе свае рэспублікі, расейцы сталі вельмі неталенавітым народам і ствараюць няякасны кантэнт. І ў нас нарэшце вялікі гістарычны шанец, і мне вельмі хочацца дажыць, убачыць».

Беларуская рэвалюцыя – жаночая ці мужчынская?

«Я некалі была зацятай феміністкай. А калі я ўбачыла, што з мужчынамі робяць на Акрэсціна, у мяне змяніўся погляд. Я зразумела, што беларуская рэвалюцыя – гэта рэвалюцыя не мужчыны ці жанчыны, а чалавека.

Беларускі, як і полькі, ніколі не былі асабліва прыгнечаныя, бо яны маюць свой характар. Ціхія жанчыны, якія круцяць свет. Не такія пасіянарныя, як украінкі. Дзейнічаюць спадцішка.

І мне вельмі падабаецца роля, якую беларускі займаюць у беларускім грамадстве. Я ўпэўненая, у нармальнай, здаровай Беларусі мужчыны і жанчыны будуць кіраваць разам».

Ці ёсць у Беларусі жаночая літаратура?

«У 1990–2000-х трэба было трошкі падрасціць жаночую літаратуру. Тады былі вялікія спрэчкі, ці ёсць жаночая літаратура, ці гэта ўвогуле прыніжальна для літаратуры – звацца жаночай ці мужчынскай. Але я думаю, што мы перараслі гэта.

Многія не пагаджаюцца і лічаць, што жаночае пытанне недакручанае ў літаратуры. Я ж лічу, што нашая літаратура як такое вока, якое бачыць усё і ўсіх, у разнастайнасці».

Ці цікавыя беларусы свету?

«Я думаю, мы ўвогуле не цікавыя як народ для гэтага свету. Як толькі мы робімся цікавымі, як у 2020 годзе, як побач пачынаецца больш яркі, больш небяспечны крызіс.

Але я ўпэўненая, што неабавязкова быць цікавымі суседзям. Пра Беларусь кажуць, што там бедны народ, што гэта краіна з бедным ландшафтам, адсутнасцю культурна-гістарычнай спадчыны. Я так не лічу.

Мне падаецца, народ, як і чалавек, павінен мець стрыжань і ўпэўненасць у сабе. Нас рана ці позна заўважаць, і гэта будзе ўвага не таксічная, не яркая, а нармальная.

Мне хочацца, каб мой народ шанавалі, а дзеля гэтага трэба быць сабой, мець выпраставаны хрыбет і шанаваць іншыя народы.

Беларусы – мой самы любімы народ, бо ў ім усё схавана і сапраўднае. Не страшна, што палякі чагосьці не ведаюць пра беларусаў, галоўнае, каб мы ведалі ўсё пра сябе. А палякаў мы вельмі любім і шануем».

Паміж пакаленнямі ў Беларусі – прорва ці адзінства?

«Узроставыя крытэры істотна змяніліся ў беларускім грамадстве. У нас фактычна няма старых. Раней 60-, 70-гадовы чалавек быў глыбока неактуальным, з састарэлымі поглядамі.

Цяпер гэта ўсё змянілася і выглядае інакш.

Ёсць 70-гадовыя з вострым мысленнем, шырокім кругаглядам, а ёсць маладыя людзі, як беларускае чынавенства, якія ўвогуле не змяняюцца, выглядаюць так, нібы былі народжаныя ў 1960-м годзе.

Гэта шырокі, круглы твар, ён сядзіць за сталом, трымае асадку, піша лухту і прапаведуе чырвона-зялёную ідэалогію, якая не змянілася з 1950-х гадоў.

Нашая раздзеленасць не паміж пакаленнямі, а паміж архаікай і сучаснасцю. Некаторыя людзі – прыхільнікі архаікі. Яны ўсё жыццё глядзелі савецкія фільмы, чыталі расейскую літаратуру, глядзелі расейскае тэлебачанне, не развіваліся, потым атрымлівалі сваю пенсію і цудоўна, замкнёна, ціха жылі, фактычна ў мінулым стагоддзі.

У іх ёсць жыццё. А ў тых, хто хацеў развіцця, жыцця няма. Тыя першыя жывуць у савецкай Беларусі. Вось тут зерне канфлікту, а не ў пакаленнях як такіх.

А мне ўтульна і з 20-гадовымі, і з 70-гадовымі літаратарамі».

Беларускі супраціў: захаваць сябе

«Ёсць такі раман Рамэна Гары «Абяцанне на світанку» – пра тое, што ўсё лепшае чалавек атрымаў у юнацтве, на пачатку свайго жыцця.

Мы атрымалі самае лепшае на пачатку 90-х, у тыя першыя 3-4 гады свабоды. Мы былі шчаслівыя. У нас была і дзяржаўнасць, і адукацыя, і культура. Але атрымаўшы гэта абяцанне на світанку, мы ўступілі ў цемру. І ўжо фактычна 30 гадоў жывем у цемры. І кожнае пакаленне прыціскаюць да зямлі.

Я супраціўлялася, пакуль не прыехала ў Польшчу ў 2006 годзе. Я не была самай яркай прадстаўніцай таго пратэсту, што магла, тое і рабіла.

Цяпер я супраціўляюся інакш. Я не паехала на пратэсты ў 2020 годзе, бо лічыла, што з мяне досыць. Я хацела пазбегнуць уласнай рэтраўматызацыі, хоць гэтага і не атрымалася.

У 2020 годзе мне было шкада пратэстоўцаў, бо я ведала, што ім не толькі хрыбет зломяць, а яшчэ ботам па ім пройдуць.

Цяпер наш супраціў: як захаваць сябе? Бо Беларусь мы будзем будаваць галоднымі гэтай Беларусі. Некалькі пакаленняў галодныя Беларусі. І калі гэтая Беларусь з’явіцца, мы павіны быць у сілах, захаваць сябе, не прыходзіць у адчай. Бо свабода прыйдзе нечакана. Вось такі супраціў мне цяпер бачыцца».

Пра касмапалітызм і людзей свету

«Што датычыць касмапалітызму, то ў мяне ёсць словы генерала Міхала Вітушкі: «Я беларус і толькі беларус».

Таму што навошта чалавек, які не ёсць нікім? Чым цікава мець нецікавага чалавека без каранёў, сваёй культуры, характару і нават дзівакаватасці? У вёсцы звычайна жывуць цікавыя яркія людзі. Чаму ў агульначалавечай сям’і не можа быць цікавых народаў, кожны з якіх адрозніваюцца адзін ад аднаго?

Жыццё паказвае, што нацыянальны характар існуе, і мне цікава, каб палякі былі палякамі, беларусы беларусамі, украінцы ўкраінцамі. Але пры гэтым мы ўсе людзі, і ў нас шмат універсальнасці, і мы можам паразумецца. Тут няма праблемаў, супярэчнасцяў».

«Дзве душы»

«Беларусы за мяжой не асімілююцца, а адаптуюцца і прымаюць правілы гульні кожнага грамадства. І кожны мае выбар: застацца беларусам – ці стаць палякам, чэхам, амерыканцам і гэтак далей. Але баяцца тут нічога не трэба, бо пры набыцці іншай душы, акрамя беларускай, мы не бяднеем, а ўзбагачаемся.

Я перакананая, што калі б была магчымасць паехаць у родны край, убачыць родныя краявіды, падыхаць родным паветрам, то гэтыя людзі паехалі б назад. Неабавязкова яны б там засталіся, але рванулі б туды на наступны дзень.

Я бачу, што нягледзячы на татальную русіфікацыю, вырастаюць новыя і новыя пакаленні беларусаў. Я заходжу ў Threads і бачу, колькі там новых беларусаў, якія ўзніклі з нічога. Прычым беларусаў стараюцца адвучыць ад беларускасці, але не атрымлівацца.

Мне падабаецца, калі пішуць, што беларусы не ўтвараюць арганізаваную злачыннасць, не выступаюць супраць чужой культуры, а раствараюцца і робяцца празрыстымі. Бо так і трэба. Служыць таму грамадству, у якое ты трапіў».

У Максіма Гарэцкага ёсць аповесць «Дзве душы». А чаму б не мець дзве душы: сваю беларускую і набытую, дапусцім, польскую? Тут нічога страшнага няма.

Пра Алексіевіч і расейскую мову

«Я глыбока шаную спадарыню Святлану, бо абавязаная ёй мудрасцю, стойкасцю. Гэта прыклад для мяне. Яна – мая літаратурная патронка, але я не буду хаваць таго, што ў мяне зусім супрацьлеглае стаўленне да расейскай культуры і мовы.

Я лічу, што яны не адбыліся. Яны маюць аднаго з паловай добрых пісьменнікаў. І за гэтых пісьменнікаў мы ўсе па перыметры мусім плаціць крывёю.

Гэты культурны праект не адбыўся. А мова – носьбіт нацыянальнага характару. Расейская мова і літаратура нясуць у сабе характар імперскасці і знішчэння ўсяго, што не расейскае. Мы ў Беларусі ведаем пра гэта вельмі добра. Пакуль гэта не зменіцца, я не жадаю нічога мець агульнага з імі.

Расея Богу яшчэ болей не выйшла, чым старасць. Пры гэтым я вельмі пільна сачу за Расеяй, за тэндэнцыямі, якія там ідуць. І не бачу там нічога здаровага.

Здаровых людзей там, можа, кожны дзясяты. І іх я вельмі шкадую, бо яны чужыя ў сваім грамадстве і ў свеце, дзе на іх глядзяць як на немцаў пасля Другой сусветнай вайны.

Я пакрыўдзілася на расейцаў за тое, што яны зрабілі з намі і дагэтуль працягваюць рабіць. Сотні нацыяў, народнасцяў унутры Расеі яны нішчаць, адпраўляючы на вайну. Маё сэрца да канца жыцця будзе ў ценю, я не жадаю з імі мець нічога агульнага».

Як будзем жыць з «ябацькамі»?

«Працытую Сяргея Даўлатава, які сказаў: «Няма ў мяне да цябе антаганізму, нават да цябе, мудзіла». У мяне да ГУБАЗіКу востры антаганізм, а да «ябацек» няма, таму што нам з імі жыць, і мне здаецца, не будзе вялікіх праблемаў, бо вінаватыя не простыя людзі. А хто вінаваты – мы ведаем».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(55)