Коршунаў: Дзяўчына запрасіла суседзяў зрабіць домікі для бадзяжных катоў — яе арыштавалі

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў — пра тое, чаму рэжым знішчае любыя праявы групавой самаарганізацыі.

Генадзь Коршунаў

— 2020 год — прамое наступства лічбафікацыі, — распавядае Коршунаў у інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву ў праграме жыццё-маліна. — Працэсы лічбафікацыі ў Беларусі ішлі суперхутка. Па некаторых паказніках некалькі разоў мы былі лідэрамі ў Еўропе.

Гэта стварыла прастору, вольную ад дзяржавы, таму што насамрэч, як гэта ні дзіўна зараз чуць, да 2020 года дзяржава практычна не рэгулявала інтэрнэт ваабшчэ, як той казаў, і ў гэтым фундаментальная розніца ад таго, што адбывалася ў Расіі.

Да таго, як з’явіліся сацсеткі, беларусы аб’ядноўваліся праз бацькоўскія чаты, узгадвае сацыёлаг.

— …У 2020-м людзі арганізавалі дапамогу медыкам падчас кавіду і зразумелі, што той досвед накопліваўся 10-15 год жыцця без дзяржавы і нават у пэўных момантах не толькі па-за межамі дзяржавы, але і крыху супраць сістэмы. І тады ўзнікла пытанне: а нафіга такая дзяржава, нафіга гэты рэжым?

Вольны абмен інфармацыяй, шашлыкі або агульныя роварныя пакатушкі — усё гэта вылілася ва ўзаемадапамогу, у агульныя праекты і той уздым салідарнасці, імгеннага інфармавання і падтрымкі, які быў у 20-м годзе, мяркуе Генадзь Коршунаў.

— І менавіта таму зараз дасюль рэжым знішчае любыя праявы вось такой групавой самаарганізацыі. Нафіга знішчаць тыя ж самыя групкі суседзяў, падавалася б? Насамрэч проста, таму што гэта такія пачаткі вальнадумства, самаарганізацыі, супраціву. Гэта ж «экстрэмізм», ну.

Мусіць быць цішайшая ніва, дзе ніякіх такіх зборышч, ніякага беспарадку. Усё мусіць быць па паперцы, падпісанай у іспалкоме.

Астатняе, калі каму расказваць, людзі не разумеюць. Дзяўчына запрасіла суседзяў (павесіла аб’яўкі): давайце збярэмся, я вам раскажу пра бадзяжных катоў — зробім домікі. Арыштавалі. Таму ніякай гарызанталізацыі, ніякіх суполак, ніякай узаемнай падтрымкі.

Рэжым хоча так зрабіць, каб грамадства не было. Каб былі нейкія людзі паасобку.

Чаму я кажу пра знішчэнне грамадства? Таму што грамадства — гэта тыя сувязі, якія выбудоўваюць людзі паміж сабой, супольнасці маленькія і вялікія супольнасці. Гэта агромністая сістэма. І гэтая сістэма — яна варожая да рэжыму, таму што ў пэўным сэнсе яны мусяць быць раўнаважнымі.

Нават грамадства мусіць быць большае, мацнейшае, чым дзяржава. Дзяржава — гэта надбудова, якая мусіць выконваць пэўныя функцыі, пэўныя паслугі. Грамадства мусіць жыць само, але не ў нашым варыянце.

У нас ёсць рэжым, які ведае, як грамадству лепей, што яно мусіць рабіць, што не мусіць, а справа грамадства — умоўна кажучы, быць Саюзам жанчын, КПБ, «Белая Русь» — усё. Больш ніякага грамадства. Астатнія — гэта проста людзі, якія мусяць хадзіць на работу і нараджаць дзяцей.

Онлайн — гэта з аднаго боку прастора сачэння, з другога — гэта інструмент свабоды, самавызначэння, самабудавання. Таму што дзякуючы яму мы і вучымся, і працуем, і гэтак далей. Але гэта інструмент для самабудавання не толькі асобы, але і супольнасцяў, і грамадзянскіх рухаў, і палітычнай дзейнасці і г.д. Таму ўсё мусіць быць пад кантролем. Гэта нельга выпускаць з жорсткіх лапак ААЦ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)