Карбалевіч: Ні ўлады, ні апазіцыя не могуць перагарнуць старонку падзеяў жніўня 2020-га
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Свабодзе — пра юбілей даты, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты.
— Прайшло 5 гадоў з тых векапомных дзён, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты, — кажа Карбалевіч. — Тыя падзеі ўвайшлі ў беларускую гісторыю пад рознай назвай: ці то паўстанне, ці то рэвалюцыя, якая не адбылася, ці то пасіянарны выбух. Улады называюць гэта мяцяжом.
Як бы гэта ні называць, але гэта такі пункт адліку для навейшай беларускай гісторыі, пункт адліку і для ўладаў, і для апазіцыі. І ні той, і ні другі бок не можа перагарнуць старонку, нават калі б яны гэтага і хацелі.
Гэтыя падзеі ўвойдуць ў беларускую гісторыю як галоўныя падзеі ў найноўшы перыяд Беларусі, калі беларускі народ прэтэндаваў на тое, каб стаць суб’ектам палітыкі, каб узяць свой лёс у свае рукі. Гэтага не атрымалася.
Тым не менш, яны запачалі новы перыяд у гісторыі Беларусі.
І прычым да гэтага юбілею рыхтаваліся і ўлады, і апазіцыя. Улады да юбілею паказалі па беларускім тэлебачанні фільм, які павінен быў бы, па іх логіцы, дыскрэдытаваць лідэраў апазіцыі Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку.
Але атрымалася вельмі няўклюдна, і хутчэй улады гэтым фільмам дыскрэдытавалі самі сябе, бо там было так шмат няўвязак, супярэчнасцей, парушэння законаў, што гэтая задума ўладаў дрэнна атрымалася.
Сярод галоўных падзеяў тыдня Карбалевіч назваў і канферэнцыю, прысвечаную даце 9 жніўня, якую ў Варшаве правяла апазіцыя, а таксама масавыя акцыі, якія прайшлі ў 18 краінах свету з удзелам беларусаў.
Аглядальнік Свабоды адзначыў, што дэмакратычныя сілы таксама спрабуюць упісацца ў перамоўны працэс, які ідзе вакол вайны ва Украіне.
— Святлана Ціханоўская заявіла, што гэтыя перамовы, магчыма, таксама адкрываюць вакно магчымасцяў і для беларускай дэмакратыі, і для беларускіх дэмакратычных сілаў, — нагадаў Валер Карбалевіч.
Читайте еще
Избранное