Политика

Карбалевіч: «Лукашэнка захоўвае інтрыгу. Ці то ня можа вызначыцца, ці то сьвядома трымае гросмайстарскую паўзу»

Аляксандар Лукашэнка сфармаваў новы ўрад, які ў рэальнасьці вельмі падобны да старога. Новых постацяў там — адзінкі. Прычым урад сфармаваны без фармальнай інаўгурацыі самога Лукашэнкі, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Увесь працэс фармаваньня ўраду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выглядае сёлета даволі дзіўна. Бо парушана шмат фармальных і нефармальных працэдур.

І паводле Канстытуцыі, і паводле нармальнай лёгікі наноў абраны прэзыдэнт заступае на сваю пасаду і фармуе новы ўрад. Рубяжом, які адлічвае новую прэзыдэнцкую кадэнцыю, зьяўляецца інаўгурацыя.

Паводле заканадаўства, інаўгурацыя абранага прэзыдэнта павінна адбыцца цягам двух месяцаў пасьля выбараў. З дня галасаваньня мінуў ужо больш як месяц, а працэдуры фармальнага ўступленьня на пасаду няма. Выглядае, што ўрад сфармаваны асобай са старой легітымнасьцю, атрыманай яшчэ пяць год таму.

І яшчэ цікавы паварот гэтага ж сюжэту. Лукашэнка абвясьціў, што на гэтым тыдні мае адбыцца ягоны візыт у Расею. Ёсьць такая міжнародная традыцыя, што новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візыт у новым статусе да найбліжэйшага саюзьніка, каб прадэманстраваць замежнапалітычныя прыярытэты.

І сам Лукашэнка пра гэта казаў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў дзень выбараў. Маўляў, першы візыт будзе ў Расею, потым — у Кітай. Але праблема ў тым, што новы статус вышэйшая дзяржаўная асоба набывае пасьля інаўгурацыі. У выніку атрымліваецца, што да Ўладзіміра Пуціна едзе «стары» кіраўнік дзяржавы?

Нарэшце, пра фармаваньне ўраду. Напярэдадні Лукашэнка гучна абвясьціў, што гэтым разам ствараецца адмысловая камісія з найвышэйшых дзяржаўных асобаў — усёй «вярхушкі», якая будзе падбіраць кандыдатуры для новага ўраду. Падчас сустрэчы з Натальляй Качанавай ён узгадваў пра гэтую дзіўную камісію.

Таксама абвясьціў, што старшынём яе прызначаны кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрый Круты. Што, дарэчы, дало падставы назіральнікам разважаць пра расстаноўку сілаў у бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі, узвышэньне Крутога ды інш.

Калі сапраўды такая камісія працавала і нешта вырашала, то лягічна было б паслухаць яе высновы, прапановы — перш чым прымаць рашэньні наконт складу новага ўраду. Але нічога падобнага не адбылося. Ва ўсякім разе, ніякай інфармацыі пра яе працу, справаздачу перад Лукашэнкам няма. Дык ці была насамрэч гэтая камісія? Ці працавала яна?

То бок усе гэтыя факты сьведчаць пра тое, што працэдурныя моманты (якія, дарэчы, абапіраюцца на Канстытуцыю і заканадаўства) адкінуты, яны ў Беларусі ня маюць істотнага значэньня. Усё вырашаюць воля, жаданьне, часта — капрыз адной усім вядомай асобы. Клясыка пэрсаналісцкага рэжыму.

І яшчэ адзін парадокс, які сьведчыць пра тое, як разыходзяцца словы і справы. Апошнія месяцы Лукашэнка шмат разважаў пра «зьмену пакаленьняў» у кіроўнай эліце. З гэтага можна было зрабіць выснову, што варта чакаць нейкіх радыкальных зьменаў ва ўрадзе і іншых дзяржаўных інстытуцыях.

Аднак у рэальнасьці вялікіх зьменаў не адбылося. Сам Лукашэнка казаў, што «цяперашні склад можна назваць «новым старым». Пра што гэта сьведчыць? Найперш, пра курс на «стабільнасьць», адсутнасьць плянаў нейкіх перамен.

Таксама гэта сьведчаньне таго, што «лаўка запасных» кароткая. У асноўным тасуюцца адны і тыя ж карты (Натальля Пяткевіч, Уладзімер Каранік, Юры Караеў і інш.).

Праўда, Лукашэнка анансаваў, што адметнай асаблівасьцю працы ўраду ў новым складзе стане істотнае ўзмацненьне ролі віцэ-прэм’ераў. Але што гэта будзе азначаць на практыцы, пакуль не зразумела.

Засталося адно істотнае пытаньне: хто будзе прэм’ер-міністрам? Урад ёсьць, а ягонага кіраўніка няма. Тут чамусьці Лукашэнка захоўвае інтрыгу. Ці то ня можа вызначыцца, ці то сьвядома трымае гросмайстарскую паўзу.