Калі Гарбачоў аб’явіў, што да яго быў перыяд застою і справы ў дзяржаве дрэнь, беларусы яго не зразумелі! Бо памяталі машэраўскі час як найлепшы ў сваім жыцці. Таму і не падтрымалі заклікаў да рэформаў.
Карбалевіч: Чым адрозніваліся беларусы 2020-га ад беларусаў 1994-га
Аналітык і палітолаг Валерый Карбалевіч у інтэрв’ю БАЖ (гэта частка зборніка «Голас пакалення свабоды») – пра беларусаў у 1994-м і ў 2020-м.
— Вы напісалі кнігу пра Лукашэнку, склалі адзін з самых дакладных яго партрэтаў. Якія рысы стылю, псіхалогіі, мадэлі кіравання былі відавочныя ўжо ў 1994 годзе? І што праглядзелі аналітыкі, медыя, выбарцы?
— Ён вельмі ўдала трапіў у трэнд расчаравання рэформамі. Большасць насельніцтва ўспрымала няпросты працэс як бязладдзе, хаос і нават анархію. А былы дырэктар саўгаса «Гарадзец» цвёрда паабяцаў: «Я навяду парадак і вярну тое, што вы страцілі». Савецкі досвед, які яшчэ быў жывым, падаўся шмат каму выратавальным.
— Чаму інтэлектуалы, дэмакраты не дагрукаліся да народнай свядомасці?
— Бо яна супраціўлялася пераменам, якія мы, апаненты Лукашэнкі, падтрымлівалі. Невыпадкова Алесь Адамовіч назваў Беларусь «антыперабудовачнай Вандэяй».
— Але чаму так здарылася?
— Бо з гледзішча грамадскага развіцця часы індустрыяльнай рэвалюцыі ў 1950–1970 гадах былі для Беларусі вельмі паспяховымі. Тэмпамі ўрбанізацыі рэспубліка істотна апярэджвала не толькі іншыя рэгіёны Савецкага Саюза, але і шмат якіх дзяржаў свету.
Мільёны беларусаў з вёскі пераехалі ў гарады, атрымалі тут добраўпарадкаваныя (на тагачасныя меркі) кватэры, якасць іх жыцця вельмі моцна палепшылася – аргумент вельмі моцны. І ўсё гэта адбывалася цягам аднаго-двух пакаленняў. На вачах людзей, якія ў 1994‑м стаялі ў чэргах да урнаў з выбарчымі бюлетэнямі.
Лукашэнка ўхапіў гэты настрой – прапанаваў вярнуць «страчанае золата» савецкага мінулага. Прыцягальнае абяцанне для электарату.
— Традыцыйна гэтая сітуацыя найчасцей трактуецца ў іншым рэчышчы: маўляў, выбар-94 — вынік беларускага сялянскага кансерватызму. А вы акцэнтуеце ўвагу на інерцыі папярэдняга сацыяльна-эканамічнага разгону. Груба кажучы, сказала сваё рэха нечувана маштабная індустрыялізацыя БССР?
— Менавіта так. Калі сталінская індустрыялізацыя адбывалася гвалтоўна і спадарожнічала хутчэй пагаршэнню жыцця, то пасляваенная беларуская — наадварот, падымала. Да таго ж, у нас не было такой карупцыі, як у іншых рэгіёнах СССР. Ну і харызматычны лідар — Машэраў. З ім таксама атаясняліся перамены да лепшага.
Таму БНФ не атрымаў такой падтрымкі, як у Балтыі ці ва Украіне. У комплексе гэта моцна ўплывала і на фармаванне нацыянальнай ідэі. Таму папулярнасць БНФ, напрыклад, была не такой, як у Народных фронтаў іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза, Балтыі і Украіны.
Кансерватызм беларускага грамадства вызначыў і выбар 1994 года, і наступныя гады развіцця краіны.
— А што здарылася з намі ў 2020‑м? Адкуль грамадзянскі выбух, які аднолькава прагледзелі і ўлада, і грамадзянская супольнасць? Чым гэта абумоўлена?
– Тут магу трошкі пахваліцца. У 2019 годзе прайшлі парламенцкія выбары. І тады на круглых сталах я казаў: упершыню за час кіравання Лукашэнкі колькасць ягоных праціўнікаў стала большай за армію прыхільнікаў. Мяне дружна крытыкавалі: адкуль ты гэта ўзяў?! Адказваў шчыра: не ведаю, дзе і як гэта выстраліць, але сітуацыя электаральных сімпатый змянілася.
І грымнула ўсяго праз год. Тады склалася тое, што называецца ідэальным штормам: супалі адразу некалькі найважнейшых чыннікаў.
Ковід: драматычная сітуацыя з абсалютна непрафесійнай рэакцыяй уладаў. Рэальная альтэрнатыва на выбарах: адразу Цапкала, затым Бабарыка… У выніку людзі з рознымі палітычнымі ідэалогіямі, поглядамі аб’ядналіся ў адным: хто заўгодна, толькі не ён!
— Гэта значыць, класічны беларускі кансерватызм усё ж даў збой?
— Рэч была ў іншым: у грамадскіх працэсах, якія сфармавалі сярэдні клас. І ён захацеў рэальна ўплываць на палітыку, грамадства памкнулася стаць палітычным суб’ектам, а не аб’ектам. Мы даспелі да рэальнага права выбіраць, а не толькі галасаваць на фіктыўных выбарах.
— А якая роля грамадзянскай супольнасці? Нібыта незаўважна, а насамрэч – як «крот гісторыі», яна рыхтавала глебу?
— Так, грамадзянская супольнасць шмат чаго зрабіла. Але з усіх яе інстытуцый я хутчэй вылучыў бы незалежныя медыя. Менавіта яны адыгралі вырашальную ролю ў крытычнай сітуацыі.
Улады празявалі з’яўленне інтэрнэту, які разбурыў традыцыйную манаполію на інфармацыю. Недзяржаўныя сайты, форумы, пляцоўкі захапілі, падпарадкавалі сабе бескантрольную лічбавую прастору. І пачалі дыктаваць грамадскі парадак дня. Так ці інакш паслугамі Tut.by, іншых рэдакцый і блогераў карысталася большая частка насельніцтва.
У вертыкалі проста не зразумелі перамены сітуацыі, недаацанілі значэння і магчымасцяў новых медыя. У прыватнасці таму, што сам Лукашэнка не жыве ў сеціве, не карыстаецца камп’ютарам – ён не зразумеў палітычнага эфекту сучасных камунікацый.
Што да грамадзянскай супольнасці ў цэлым, то ва ўсёй велічы яна паўстала хутчэй ужо ў саміх падзеях 2020 года. Уражвае, напрыклад, велізарная колькасць раённых, дамавых, прафесійных чатаў… А фенаменальная роля тэлеграм-каналаў?
— 100-тысячныя, 200-тысячныя, паўмільённыя дэманстрацыі не маглі не ўражваць. Але ці не была гэта найперш маральная супольнасць, супраць зла, без выразных палітычных мэтаў?
— У той надзвычай палітызаванай атмасферы любая праблема набывала палітычнае адценне. І фальсіфікацыя выбараў, і «прыбіранне» з марафону Ціханоўскага, Цапкалы з Бабарыкам, і збіццё людзей, і шмат якіх іншых чыннікаў… Усё гэта вылілася менавіта ў палітычны пратэст. Усё ператваралася ў працэсе і рабілася часткай палітыкі.
— Вярнуся да трыгерных суб’ектаў – Бабарыкі і Цапкалы. Можа, апладысменты ім — гэта ўсё ж старая беларуская мара пра «моцную руку гаспадарніка» на чале краіны?
— Так, у нацыянальнай свядомасці глыбока сядзіць устаноўка: кіраўнік павінен быць гаспадарнікам, мець эканамічны досвед. Такія людзі нібыта лепш адчуваюць патрэбы народа, могуць хутчэй рэалізаваць свае абяцанні.
— Гэтую тэорыю падводзіць прыклад Ціханоўскай!
— Тут зусім іншае: пасля разгону Лукашэнкам усіх рэальных супернікаў людзі так раззлаваліся, што прагаласавалі за яе — жанчыну, якая ўвогуле не мела ніякага палітычнага і гаспадарчага досведу. Гэта было галасаванне не за Ціханоўскую — яно было супраць Лукашэнкі.
— А можна сказаць інакш: гэтак адстойвалі права на годнасць, на ўласны свабодны выбар: мы – людзі, не быдла, нам надакучыла, мы хочам жыць інакш!
— Можна і ў такім рэчышчы разважаць. Тым больш, Ціханоўская казала: «Я не збіраюся кіраваць – я проста хачу правесці свабодныя выбары».
Але ў Беларусі прафесія палітыка ўвогуле не ўспрымаецца сур’ёзна. Лідар партыі – гэта нібыта гульня. А вось кіраўнік банка ці Парка высокіх тэхналогій – іншая рэч, яго бачаць як рэальнага чалавека справы. І гэта звязана з тым, што ў нас фактычна не было досведу сапраўдных дэмакратычных выбараў.
— А ці не адгалосак гэта ўсё яшчэ таго поспеху Беларусі, калі эканоміка расла і гаспадарнікі здаваліся героямі?
— Абсалютна. Дзяржаўны сектар і цяпер складае каля паловы ўсёй эканомікі. Таму кіраўнік дзяржавы – гэта найперш «гаспадар». І таму Лукашэнка па сёння ездзіць па калгасах і заводах, публічна вучыць мясцовых начальнікаў. Гэта частка яго палітычнага тэатра і апеляцыя да электарату.
— Паводле законаў жанру вяртаюся да таго, з чаго мы пачалі. Вы шмат гадоў былі выкладчыкам. Уявім сітуацыю: чарговая лекцыя пра найноўшы перыяд нашага быцця перад заўтрашнімі гісторыкамі і палітолагамі. Што вы ім сказалі б у падсумаванне? Якую максіму? На што параілі б звяртаць увагу, як быць, як жыць і як ацэньваць сітуацыю?
— Сябры, беларуская дзяржаўнасць вельмі маладая — ёй толькі 35 гадоў. Яшчэ не склаліся дакладна ні ідэалагічная, ні палітычная, ні эканамічная мадэлі. Гэта ўсё толькі фармуецца. Таму роля чалавечага фактару ў нас значна большая, чым у краінах са стабільнай сістэмай.
Мы з вамі можам уплываць на сённяшнія працэсы ў Беларусі нашмат мацней. Вось і заклікаю: смялей далучайцеся, уплывайце, шукайце свой, наш беларускі лад!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное