Политика

Юлія Кот

Карбалевіч: «Бабарыка зразумеў, што ў бягучых варунках проста няма іншага выйсця»

Абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода вяртанне Віктара Бабарыкі ў палітыку і ці трапляе ён у мэйнстрым.

Пасля працяглай паўзы Віктар Бабарыка публічна распавёў пра тое, якім бачыць цяперашні стан спраў, асудзіў уварванне РФ ва Украіну і адзначыў разарванасць беларускага грамадства. А таксама падзяліўся сваім бачаннем будучыні, у якой галоўнае — не тое, хто будзе прэзідэнтам Беларусі, а каб былі ўмовы, пры якіх беларусы самі змогуць вырашаць і гэтае, і іншыя важныя для краіны і сябе пытанні.

У гэтых развагах — досыць расплывістыя фармулёўкі, але ў пэўным сэнсе іх можна лічыць праграмнымі.

— Самая важная выснова, якую можна зрабіць з заявы Бабарыкі — тое, што ён вяртаецца ў палітыку. Уласна кажучы, у гэтым і палягае галоўны сэнс, — зазначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч. — Ён кажа, што пакуль яшчэ не вызначыўся з нейкай праграмай, планам дзеянняў — але ж абвяшчае, што не збіраецца быць на пенсіі, а збіраецца быць у палітыцы.

Валер Карбалевіч

І яшчэ адна выснова — тое, што ягоная пазіцыя застаецца паслядоўна апазіцыйнай. Яна ідзе ў плыні агульнага апазіцыйнага мэйнстрыму.

Іншага ў сённяшніх умовах і немагчыма было ўявіць — бо, калі чалавек знаходзіцца ў Еўропе, яму давялося рабіць геапалітычны выбар. Хоць ён не хацеў гэтага рабіць і ў 2020 годзе, і адразу пасля вызвалення вельмі няпэўна выказаўся пра сітуацыю вакол Украіны. Аднак цяпер зразумеў, што ў бягучых варунках проста няма іншага выйсця, як заняць пазіцыю адназначнага асуджэння Расіі і падтрымкі Украіны.

Таксама ў заяве мы бачым асуджэнне Расіі за падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Гэтымі тэзісамі Бабарыка спрабуе разбурыць той вобраз прарасійскага палітыка, які ў значнай ступені існаваў і, магчыма, сёння існуе ў шэрагу апазіцыйных колаў.

Думаю, што ён будзе імкнуцца трымаць пазіцыю памяркоўнага палітыка, які будзе спрабаваць адлюстроўваць стаўленне беларусаў і ўнутры краіны, і па-за межамі Беларусі. Скажам так, беларусаў не вельмі палітызаваных, але якія не прымаюць той палітычны рэжым, які існуе ў краіне.

— На ваш погляд, як палітычная дзейнасць Віктара Бабарыкі можа паўплываць на стан дэмакратычных сіл?

— Пакуль цяжка сказаць. Сам Бабарыка яшчэ не вызначыўся з планам дзеянняў, таму на гэтае пытанне ён і сам адказаць не можа.

Паглядзім, ці будзе ягоная каманда ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду, як ён будзе супрацоўнічаць з Офісам Ціханоўскай, якімі будуць наступныя крокі і дакладнае пазіцыянаванне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(4)