Общество

Ганна Ваніслаўская

«Да 2020 года мільёны долараў выдаткоўваліся на беларускую прыроду. Цяпер усе гэтыя праекты зачыненыя»

Арнітолаг Дзяніс Кіцель у інтэрв’ю «Салідарнасці» распавёў пра прычыны, па якіх пакінуў краіну. І пра тое, што страціла Беларусь пасля ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Усе фота з асабістага архіва Дзяніса Кіцеля

На радзіме Дзяніс займаўся захаваннем рэдкіх відаў птушак, рэалізоўваў свае праекты ў «Ахове птушак Бацькаўшчыны», а зараз вядзе даследчы праект па саве-сіпусе на Каўказе і ў Грузіі і будуе домікі для соваў — сіпух і сплюшак.

— Калі закрылі «Ахову птушак Бацькаўшчыны», з’явіўся бан на супрацу з рознымі арганізацыямі з Еўропы і Амерыкі, — успамінае Дзяніс у інтэрв’ю «Салідарнасці». — У мяне было добрае супрацоўніцтва з амерыканскай прыродаахоўчай арганізацыяй, якая дапамагала беларускай прыродзе. Пасля вядомых дзеянняў ўлады гэта проста стала немажліва больш рабіць.

Я з’ехаў з такой думкай: калі на радзіме ўжо нічога не магу зрабіць, то можна паспрабаваць ў іншым месцы. Так я апынуўся ў Грузіі. Пасля працаваў і ў Турцыі на станцыі кальцавання птушак, а зараз працую ў Польшчы, ва ўніверсітэце.

— Як вы лічыце, як можна ацаніць страты Беларусі ад ліквідацыі арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»?

— Цяжкае пытанне. З аднаго боку ўсё зразумела, калі мы будзем казаць увогуле пра любую краіну. Добра, калі ёсць дзяржаўны апарат і ёсць недзяржаўныя структуры, якія працуюць дзеля аховы прыроды.

Немагчыма чыноўнікам з міністэрства рабіць усю справу і бачыць шырока. Дзеля гэтага і былі патрэбны НДА. «Ахова птушак Бацькаўшчыны» займалася рознымі справамі — ад аднаўлення балот да ўліку вяртлівай чаротаўкі, напрыклад.

Мінпрыроды не магло ахапіць усё. Рэсурсы былі абмежаваныя: і чалавечыя, і грашовыя. І ў гэтым сэнсе НДА дапамагалі, бо мы маглі прывабіць грошы з-за мяжы. Гэта былі мільёны долараў, якія выдаткоўваліся на беларускую прыроду.

Ці гэта зараз працягваецца? Не. Усе гэтыя праекты, якія мы мелі, да якіх мелі дачыненне розныя еўрапейскія структуры, яны ўсе зачыненыя.

Я супрацоўнічаў не толькі з АПБ, але і з шэрагам іншых арганізацый, Большасць з іх зачыненыя. І ўсе гэтыя арганізацыі займаліся экалагічнай адукацыяй, аховай прыроды.

У Беларусі мы знайшлі сродкі на праект, звязаны з савой-сіпухай. Павесілі 40 скрыняў па краіне: у цэрквах, на фермах. Я быў лакаматывам праекта, бо ў мяне было жаданне, і я яго штурхаў. Калі з’ехаў, спрабаваў яго падтрымліваць на адлегласці.

Калі мы вешаем скрыню для птушкі, мы яе павінны маніторыць, пачысціць, калі там ёсць нейкія паломкі — адрамантаваць. Зараз няма каму гэтым займацца. І няма магчымасці атрымаць на гэта грошы, каб людзі працягвалі гэтую справу.

У Беларусі працавалі краудфандынгавыя пляцоўкі, якія спрыялі рэалізацыі ідэяў. Напрыклад, у маім родным горадзе Маларыце ў 2017-м мы зрабілі мурал з птушкай года — грошы на яго сабралі праз краўдфандынг. Такім чынам людзі маглі легальна падтрымліваць малыя праекты.

У гэтым сэнсе я заўсёды ставіў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» у прыклад: калі гэтая арганізацыя абяцае, то абяцанне будзе выкананае.

— Чым вы займаецеся зараз?

— У мяне ёсць два напрамкі дзейнасці, звязаныя з савой-сіпухай. Першы — навуковы. Мне цікава даведацца пра яе распаўсюджанне па Грузіі і ўплыў на мясцовую фаўну. А другі накірунак — чалавекаарыентаваны.

Сава жыве побач з чалавекам, і яна добры дапаможнік у барацьбе з грызунамі. І ў развітых краінах фермеры не выкарыстоўваюць розныя яды, а прывабліваюць саву да сябе на зямлю.

У Ізраілі, у ЗША, у Швейцарыі ёсць адпаведныя праграмы, якія фінансуюцца дзяржавай. Для савы будуюць скрыні, вешаюць іх, манітораць. Павесіць адну скрыню, напрыклад, у Ізраілі, каштуе прыкладна, 400 долараў.

У Грузіі я хачу паказаць людзям, як яны пры меншых затратах могуць атрымаць той жа эфект. Мы ставім фотапасткі каля скрыняў для соваў.

І калі совы туды прылятаюць, можна паглядзець, што яны там робяць. Кожная фотапастка каштуе грошай, якія мы збіраем праз краўдфандынг.

Падтрымаць праект Дзяніса Кіцеля можна тут. Сабраныя грошы пойдуць на фотапасткі і неабходнае абсталяванне для скрыняў, у якіх жывуць совы.

Гэта сусветны досвед. Галоўнае, каб улада паверыла ў гэта і пачала дзейнічаць.

На міжнароднай канферэнцыі, на якой быў нядаўна, эксперты з Ізраілю і Швейцарыі кажуць: тое, чым мы займаемся, павінна быць па-за палітыкай, бо краіны варагуюць, гэта ўсё будзе працягвацца, але павінны быць ідэі, якія яднаюць людзей.

У Ізраілі зрабілі скрыні для соваў, павесілі на іх перадатчыкі, і аказалася, што яны лётаюць у Іарданію, у Палестыну. Ізраільскія эксперты вырашылі знайсці супрацоўніцтва з Палестынай і Іарданіяй і пашырыць свой праект. Такім чынам, сава-сіпуха становіцца bird of peace.

Зараз гэтая ініцыятыва налічвае трынаццаць краін, і Грузія ў мінулым годзе таксама далучылася, дзякуючы нам.

Эксперты імкнуліся распавядаць пра сіпух розным людзям, у якіх ёсць улада. Яны мелі, напрыклад, сустрэчу з папай Рымскім, якому распавядалі пра сіпух. Сустракаліся з Ангелай Меркель, якая больш за мільён еўра выдаткавала на гэтыя ініцыятывы. Сустракаліся з прэзідэнтамі розных еўрапейскіх краін, каб пра птушку паразмаўляць.

Гэта ўжо не столькі пытанне пра ахову прыроды, а хутчэй пра тое, што мы не павінны войны весці, а можам шукаць штосьці, што…

— …нас аб’ядноўвае.

— Так. Канешне, ідэя дыскутыўная, і ўсё залежыць ад таго, на якім баку плота ты знаходзішся. На канферэнцыі ў нас быў анлайн з чалавекам з Палестыны, які не змог прыехаць на сустрэчу, бо яму трэба было знайсці жонку з дзіцём, паехаць з пункта А ў пункт Б, а між гэтымі пунктамі ідзе варожае сутыкненне, і ён не ведае, ці даедзе. І ў гэты час ён нам распавядае пра праект, звязаны з гэтымі птушкамі.

…Да 2020 года Беларусь была на суперкласным узроўні. Гэта тычылася не толькі прыродаахоўнага сектара — усіх сфер, бо ў нас было шмат праектаў, арганізацыя працавала па розных накірунках.

І нават калі не было грошаў, наколькі беларусы былі згуртаваныя! Зборы на краўдфандынгу закрываліся на раз-два. На скрыні сіпухам дзве тысячы долараў сабралі за два дні. І гэта было пра любую ініцыятыву, пра любое пытанне: калі ты можаш абгрунтаваць, што гэта патрэбна, то атрымай, што ты хочаш.

Мы жывем у краіне, хочам, каб яна развівалася, каб былі муралы прыгожыя намаляваныя, хочам, каб нехта з дапамогай коптэра мог глядзець, што ў птушак, якіх ніколі не бачылі ў жыцці, у гнёздах знаходзіцца.

Я  выкарыстоўваў коптэр, каб залятаць на гняздо скапы — гэта вялікая драпежная птушка, яна рыбай харчуецца і жыве ў нас на поўначы Беларусі. Такім чынам, я мог, не заходзячы на балоты, не турбуючы птушку, проста туды падляцець, паглядзець, што там у гэтым гняздзе знаходзіцца, і людзі дапамагалі.

Зразумела, што мы не маглі атрымаць гэтыя грошы ад дзяржавы, але былі механізмы, як гэта зрабіць самастойна, і яны працавалі, і вельмі добра працавалі да лета 2020 года. А потым, канешне, усё заглохла.

Мы знайшлі вавёрку-палятуху, зафіксавалі яе, выкарыстоўвалі фотапасткі, знялі шмат відэа пра яе экалогію жыцця. Нядаўна бачыў відэа ад нейкага беларускага СМІ, дзе малады супрацоўнік Акадэміі навук распавядае, што вось яны зараз робяць праект, шукаюць вавёрку-палятуху, спрабуюць вызначыць, дзе яна жыве. Яны робяць усё тое, што мы ўжо зрабілі. Для мяне гэта бессэнсоўная праца. Відаць, чалавек не ведае пра працу, якая была зробленая раней.

Ці хацелі бы вы вярнуцца ў Беларусь?

— Канешне, гэта мая краіна, дзе я нарадзіўся і вырас. Дзе мы шмат чаго рабілі, і хацелася б працягваць гэта ўсё рабіць, безумоўна. Іншае пытанне, што гэта ж не адбудзецца ў адзін дзень.

Бо нават калі ўсё скончыцца, сектар аховы прыроды ў Беларусі будзе неперспектыўны. Аховай прыроды займаюцца тады, калі ў тваёй краіне няма іншых праблем. У першую чаргу сацыяльныя пытанні трэба будзе вырашаць.

Канешне, чым болей часу ты праводзіш не ў сваёй краіне, тым больш разумееш, што тут пускаеш карані таксама. У Грузіі я пачаў свае праекты, мне хочацца, каб яны мелі вынікі.

Мая мэта — дапамагчы кожнай канкрэтнай пары сіпух. Мне хочаца, каб у Аджарыі сіпуха жыла, у яе была скрыня, каб гэты будынак не зруйнавалі, ці, калі будзе новая забудова, няхай улічваюць, што тут жыве сава.

Першае месца, якое вы наведаеце ў Беларусі, гэта…

— Мой родны горад Маларыта. Але я баюся расчаравацца. У мяне рана на сэрцы, калі я бачу, што вялікія старыя дрэвы, якія ў нас у горадзе былі, спілавалі. Ведаю, што працягваецца гэты працэс. У нас бязглуздая ўлада, якая замест таго, каб падмесці лісце, знішчае дрэвы.

У горадзе засталіся старыя могілкі, вельмі прыгожыя, са старымі дубамі. Знаёмыя маларытчане пісалі мне, што і да іх дабіраюцца. Пры маім жыцці я не змагу пабачыць прыгожы, квітнеючы горад.

Вось у Грузіі прыязджаеш у Тбілісі — і колькі там дрэваў... Ці ў Батумі, дзе густа забудавана, але альтанку будуюць вакол дрэва. Ніколі ў нас такога не было. У Беларусі спачатку спілоўваюць дрэва, потым там нешта робяць.

Калі ў Беластоку іду ва ўніверсітэт з інтэрната, праходжу міма дрэў — гэта помнікі прыроды. На дубах — шыльдачкі, дзе напісана, што яны абараняюцца дзяржавай. Я магу некалькі маршрутаў абраць, і на кожным з іх сустракаць гэтыя дрэвы.

Я лічу, што кожнае старое дрэва — гэта ўжо гісторыя, яно бачыла больш, чым мы. І я не супраць фабрык, але мы жывем у гарадах і павінны прыроду развіваць, а не будаваць каменныя джунглі.

Аднойчы хтосьці мяне пытаў, за якога кандыдата я б галасаваў на выбарах. Я адказаў, што за таго, хто забароніць вырубку любога дрэва ў любым населеным пункце. Ёсць камунальныя службы, якія будуць падмятаць лісце, абразаць сухія галінкі, лекаваць дрэвы. Не трэба пад корань адразу. Гэта тое, што ў нас робіцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)