Ціханоўская: «Нам патрэбныя моцныя галасы нашых культурных дзеячаў, каб не страціць сябе ў цяжкія часы»

Лідарка беларускіх дэмсілаў сустрэлася з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч.

Святлана Ціханоўская ўручыла пісьменніцы Крыж Адраджэння, якім узнагароджваюцца «за адданасць інтарэсам беларускага народу і значны ўклад у развіццё беларускай культуры». Фота прэс-службы палітыка

— Гэта была цёплая і шчырая сустрэча, дзе суразмоўцы абмеркавалі лёс беларускіх палітвязняў і важнасць адвакатавання іх вызвалення, а таксама абмяняліся думкамі пра ролю жаночага лідарства для беларускага грамадства і палітыкі Беларусі, — паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Размова адбылася ў часе сустрэчы пісьменніцы з беларусамі  Вільні.

Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч таксама размаўлялі пра важнасць салідарнасці: «Галоўнае цяпер — шукаць тое, што натхняе, захоўваць еднасць і веру ў будучыню, нягледзячы на ўсе выпрабаванні».

Адной з важных тэмаў стала становішча Украіны — чаму яе перамога важная для Беларусі і як беларусы могуць падтрымаць украінцаў у іх змаганні.

— Мы часта кажам пра палітыку, эканоміку, пра міжнародную падтрымку. Але нам таксама патрэбныя моцныя галасы нашых культурных дзеячаў, каб не страціць сябе ў цяжкія часы. Культура — гэта наш істотны інструмент у змаганні за незалежнасць і свабоду, — падкрэсліла Ціханоўская.

Нагадаем, што ў часе сустрэчы з чытачамі Святлана Алесіевіч, сярод іншага перасцерагла пра пагрозу з боку Расіі:

— Я не палітык, хаця я і чалавек гэтага часу. Я б не хацела казаць такія сумныя рэчы, але мне здаецца, што Пуцін нас уцягне ў вайну. Гэта маё прадчуванне, яно ж не абавязкова спраўдзіцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(13)