Общество

«Больш за ўсё на Гомельшчыне». Пасьля ўзлому «Гаюна» прайшло больш за два месяцы: што вядома пра зьвязаныя з гэтым арышты

Як стала вядома Радыё Свабода, затрыманьні за фота і відэа зь перамяшчэньнямі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі працягваюцца. Арыштаваным можа пагражаць да сямі гадоў турмы.

Расейскія салдаты ў Мазыры, сакавік 2022

Пра тое, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн», стала вядома 5 лютага 2025 году. Ужо праз два дні пасьля гэтага кіраўнік праекту Антон Матолька, які публічна прызнаў факт узлому, заявіў пра спыненьне працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.

Аб затрыманьнях на падставе здабытай пасьля ўзлому базы «Гаюна» інфармацыі стала вядома ўжо 6 лютага. У гэты дзень у зьвязаным з ГУБАЗіК тэлеграм-канале зьявілася відэа з супрацоўнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Пра іншыя арышты беларусаў, якія супрацоўнічалі з «Гаюном», інфармацыі ў афіцыйных крыніцах не было.

Аднак гэта ня значыць, што арыштаў няма. Свабодзе вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі прысланыя вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай.

Усе арышты адбыліся ў сакавіку 2025 году, арыштаваным выставілі абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмізму» паводле 4-й часткі 361-га артыкула Крымінальнага кодэксу. Яна прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі або пазбаўленьня волі да сямі гадоў.

З словаў праваабаронцаў «Вясны», ім таксама вядома пра затрыманьні беларусаў, якія прысылалі ў СМІ і тэлеграм-каналы зьвесткі пра перамяшчэньні расейскіх вайскоўцаў па беларускай тэрыторыі неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

Большасьць эпізодаў прыпадае на вясну 2022 году. Аднак зьвесткі пра хвалю затрыманьняў, зьвязаных менавіта з узломам «Беларускага Гаюна», там пакуль пацьвердзіць ня могуць.

— Амаль усе выпадкі зьвязаныя з фота ці відэа, — расказалі Свабодзе ў праваабарончым цэнтры «Вясна». — Нам таксама вядомы выпадак, калі чалавека арыштавалі за камэнтары з інфармацыяй аб перамяшчэньнях расейскіх вайскоўцаў. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць людзей, самыя розныя: 361 («спрыяньне экстрэмісцкім дзеяньням»), 368 («абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), 356 («здрада дзяржаве»), 130 («рэабілітацыя нацызму»), часам таксама адміністрацыйныя.

Але ў асноўным усе вядомыя нам выпадкі датычаць арыштаў у 2022 і 2023 гадах. Пасьля таго, як сілавікі атрымалі доступ да базы «Гаюна», мы дакладна ведаем толькі пра адзін выпадак. Зь іншага боку, гэта, вядома, ня сьведчыць аб тым, што такіх затрыманьняў не было.

Хвалі затрыманьняў

Сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак у першыя дні пасьля ўзлому базы «Беларускага Гаюна» расказваў пра дзясяткі просьбаў аб кансультацыях і эвакуацыі, атрыманых ад людзей, якія вясной 2022 году дасылалі «Гаюну» зьвесткі аб расейскіх вайскоўцах на тэрыторыі Беларусі. Зараз у размове са Свабодай Стрыжак гаворыць ужо пра сотні падобных зваротаў.

— Вядома, усплёск быў адразу, калі зьявілася інфармацыя пра доступ сілавікоў да базы «Гаюна», — расказвае Андрэй Стрыжак. — Тады людзі зьвярталіся, пыталіся, якім чынам магчыма пачысьціць свае прылады, ці можна іх пачысьціць увогуле. Тады ж пэўная колькасьць людзей стала на эвакуацыю і яны выехалі.

А хтосьці не прыняў для сябе такога рашэньня. Яны атрымалі інструкцыі, інфармацыю, як можна да нас зьвярнуцца ў выпадку, калі ўсё ж вырашаць зьяжджаць з краіны.

Андрэй Стрыжак дадае таксама, што мае зьвесткі аб хвалях арыштаў. Такога, каб абсалютна ўсіх, хто дасылаў інфармацыю аб расейскіх вайскоўцах, узялі ў адзін момант, няма. Праваабаронца тлумачыць гэта тым, што ў сілавікоў проста няма рэсурсу для правядзеньня маштабнай рэпрэсіўнай кампаніі.

— Яны гэтую базу апрацоўваюць паступова, — гаворыць Андрэй Стрыжак. — Час ад часу мы адзначаем усплёскі ў рэгіёнах. Больш за ўсё гэта тычыцца Гомельшчыны, дзе перамяшчэньняў расейскіх войскаў было больш за ўсё. І вось такімі ўсплёскамі бывае, што сілавікі бяруць зь дзясятак чалавек. А пасьля зноў зацішша. Мы такое назіраем, і гэта зьвязана з абмежаваным рэсурсам сілавікоў, на маю думку.

З словаў сузаснавальніка фонду BySol, акурат цягам апошняга месяца быў усплёск затрыманьняў на Гомельшчыне.

— Але гэта ня толькі там адбываецца, — дадае Стрыжак. — Да нас зьвяртаюцца людзі, якія жывуць у месцах, дзе адбывалася канцэнтрацыя расейскіх войскаў. Баранавічы, дзе была расейская авіяцыя, Гомельшчына, дзе шмат сухаземных войскаў было. Буйныя чыгуначныя вузлы — Ворша, тыя ж Баранавічы. З усіх гэтых месцаў маем сыгналы. З Барысава.

Андрэй Стрыжак кажа, што агулам за больш чым два месяцы, якія прайшлі з моманту пранікненьня сілавікоў у базу кантактаў «Беларускага Гаюна», у BySol па кансультацыі зьвярнуліся некалькі соцень чалавек. Колькі зь іх у выніку пастанавілі выехаць з краіны і цяпер знаходзяцца ў бясьпецы, сказаць значна цяжэй.

— Эвакуацыя — расьцягнуты працэс. Яна можа цягнуцца даволі доўгі час, таму зараз нельга пакуль сказаць, колькі такіх людзей мы ўжо вывезьлі, — дадае Андрэй Стрыжак. — Статыстыкі няма дакладнай. Зваротаў па кансультацыі было некалькі соцень. З эвакуацыяй цяжэй.

Мы стараемся дапамагчы ўсім, каму магчыма. Але зараз і супрацьдзеяньне з боку ўладаў узмацнілася, і зь візамі стала значна цяжэй. Так што гэта, вядома, важны кірунак працы для нас, але ён, на жаль, важны ня толькі для нас, для ўладаў таксама.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)