Общество

«Бо нельга пасадзіць дзясятак прапагандыстаў і загадаць ім рэдагаваць артыкулы на Вікіпэдыі. Гладкую тую ж»

Радыё Свабода піша, як і чаму ўлады Беларусі арыштоўваюць рэдактараў аднаго з самых папулярных у сьвеце сайтаў.

Некалькі тыдняў таму стала вядома пра арышты беларускіх вікіпэдыстаў Максіма Лепушэнкі і Вольгі Сітнік. Гэта ня першы раз, калі рэдактары онлайн-энцыкляпэдыі трапляюць у Беларусі за краты.

Пра арышт Макісма Лепушэнкі стала вядома 15 траўня. Дакладныя акалічнасьці здарэньня застаюцца не да канца зразумелымі. Пра зьнікненьне Лепушэнкі паведаміў у фэйсбуку Ўладзіслаў Чаховіч, таксама аўтар Вікіпэдыі.

«Ён адзін з найстарэйшых дзейных рэдактараў разьдзелу, адзіны бюракрат (так у супольнасьці вікіпэдыстаў абазначаюць асобу з функцыямі адміністратара) і найстарэйшы адміністратар — атрымаў адпаведны сьцяг (пазнаку ў профілі) яшчэ ў 2007 годзе. У асноўным пісаў аб старажытнай гісторыі Беларусі, але больш сачыў за парадкам у разьдзеле і мадэраваў розныя спрэчкі», — напісаў на сваёй старонцы Чаховіч.

За месяц да Лепушэнкі беларускія сілавікі затрымлівалі Вольгу Сітнік, якая таксама рэдагуе Вікіпэдыю. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Сітнік спачатку адпусьцілі, пасьля арыштавалі на 10 дзён, якія жанчына правяла на Акрэсьціна. Які статус яна мае зараз, таксама незразумела.

Паводле інфармацыі Белсат, у сьнежні 2024 году быў затрыманы вікіпэдыст пад псэўданімам Stary Jolup, які актыўна рэдагаваў разьдзел Вікіпэдыі на тарашкевіцы. А 13 сакавіка 2025 года зьнік рэдактар пад псэўданімам Kazimier Lachnovič, яго лёс застаецца невядомым.

Усе згаданыя выпадкі — ня першыя, калі беларускіх вікіпэдыстаў арыштоўваюць паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў. Ціск на беларускіх аўтараў аднаго з самых папулярных у сьвеце сайтаў пачаўся ў 2022 годзе, калі за краты трапілі ўжо згаданы вышэй Уладзіслаў Чаховіч, а таксама Марк Бернштэйн. Асаблівы розгалас атрымала справа апошняга, якая стала вядомай далёка за межамі беларускага сэгмэнту Вікіпэдыі.

Марк Бернштэйн

Бернштэйна абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і асудзілі да трох гадоў абмежаваньня волі ў выглядзе так званай «хатняй хіміі». У СІЗА ён правёў больш за тры месяцы.

«Фэйкавыя антырасейскія матэрыялы»

Пра арышт Марка Бернштэйна стала вядома з выдаленага на гэты момант тэлеграм-каналу ГУБАЗіКу. Сілавікі тады апублікавалі фота Бернштэйна, яго асабістыя дадзеныя з кантактамі і хатнім адрасам. Допіс суправаджаўся камэнтаром аб тым, што арыштаваны Бернштэйн распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы.

Інфармацыі пра арыштаваных у 2025 годзе вікіпэдыстаў у адкрытым доступе на зьвязаных зь беларускімі сілавікамі рэсурсах няма. Як патлумачылі ў размове з Свабодай праваабаронцы, гэта зусім не азначае адсутнасьці крымінальных справаў супраць вікіпэдыстаў.

— Гэта толькі пацьвярджае, што ўлады Беларусі зьмянілі тактыку правядзеньня рэпрэсіяў і інфармаваньня аб іх, — гаворыць суразмоўца. — Пачынаючы з канца верасьня, пра арышты, затрыманьні і нават судовыя выракі ў палітычна матываваных справах афіцыйна амаль не паведамляюць. Але гэта не азначае, што арыштаў і судовых працэсаў няма. У гэтым пляне амаль нічога не зьмянілася.

Незадоўга да пачатку новых арыштаў вікіпэдыстаў у «Советской Белоруссии» выйшаў артыкул аўтарства прапагандысткі Людмілы Гладкай. Гладкая абвінавачвае Вікіпэдыю ў празаходніх пазыцыях і аднабаковасьці, але прызнае, што рэсурсам карыстаюцца шмат беларусаў.

Яна заклікае стварыць альтэрнатыўны рэсурс з падобным функцыяналам. Гэтым з 2023 году спрабуюць займацца ў Расеі, дзе быў створаны праект «Рувики». Аднак да маштабаў папулярнасьці Вікіпэдыі яму яшчэ далёка.

«Нічога ня могуць зрабіць і шалеюць»

Пра тое, чаму улады Беларусі пачалі чарговую хвалю рэпрэсіяў супраць вікіпэдыстаў, у размове з Свабодай на ўмовах ананімнасьці гаворыць адзін зь дзейных рэдактараў рэсурсу.

Паводле яго, спробы неяк кантраляваць зьмест інтэрнэт-энцыкляпэдыі пакуль будуць марнымі, нават нягледзячы на судовы перасьлед аўтараў.

— Вікіпэдыя існуе ўжо больш за 20 гадоў, — нагадвае суразмоўца. — Яна ўвесь гэты час ствараецца. Там вельмі дакладныя і жорсткія правілы, зразумелыя ўсім.

Яна таму і папулярная, што гэта надзейная крыніца інфармацыі. Тое, што туды кожны можа напісаць што заўгодна — вялікая памылка. Паспрабуйце — і адразу зразумееце, што гэта ня так. Пасьля некалькіх фэйкаў вас проста заблякуюць.

З словаў суразмоўцы, улады Беларусі і пагатоў сілавікі наўрад ці разумеюць каштоўнасьць Вікіпэдыі для адукацыйнай сфэры або як крыніцы правераных зьвестак.

— Яны проста хочуць закрыць яе, спыніць, як змаглі закрыць дзясяткі іншых сайтаў, — кажа ён. — Аднак яны нічога ня могуць зрабіць, таму і шалеюць, арыштоўваюць тых, каго могуць знайсьці. Бо нельга пасадзіць дзясятак прапагандыстаў і загадаць ім рэдагаваць артыкулы на Вікіпэдыі. Гладкую тую ж. Яе там за дзесяць хвілін вылічаць і заблякуюць. Прасоўваць фэйкі і прапаганду не ўдаецца нават у расейскай частцы Вікіпэдыі, чаго хацець ад беларускай.

Рэдактарка Вікіпэдыі Сьвятлана Воўчак у размове з Свабодай гаворыць, што зьнікненьне кагосьці з аўтараў адразу становіцца заўважным. Вікіпэдысты, як правіла, шмат камунікуюць паміж сабой, і калі нехта доўга не выходзіць на сувязь, гэта выклікае пытаньні. Таму ўладам Беларусі складана схаваць рэпрэсіі супраць вікіпэдыстаў.

— Вікіпэдыя — гэта супольнасьць, — расказвае Сьвятлана. — Людзі камунікуюць праз працу, праз сам сайт Вікіпэдыі. Там усе запісы і ўсё праўкі адкрытыя. Вядома, гэта таксама супярэчыць ідэалёгіі хунты.

З словаў дзейных рэдактараў беларускага сэгмэнту Вікіпэдыі, затрыманьні і арышты некалькіх рэдактараў не паўплывалі на зьмест артыкулаў. Спробаў рэдагаваць ранейшыя публікацыі з акаўнтаў арыштаваных не было, іх адміністратарскія функцыі часова абмежавала сама супольнасьць.

Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі на тэрыторыю Ўкраіны ў адпаведным арыткуле на беларускай Вікіпэдыі па-ранейшаму названае вайной. Не зазнаў зьменаў і артыкул, прысьвечаны пратэстам 2020 году.

З словаў суразмоўцаў Свабоды — аўтараў вольнай онлайн-энцыкляпэдыі, зьмяніць сытуацыю можа толькі поўнае закрыцьцё Вікіпэдыі, ініцыяванае яе ўласьнікамі. На гэта ўлады Беларусі паўплываць ня могуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)